Менскае «Мотавела» задумалі перанесьці ў кітайскі парк. Ад заводу мала што засталося

Ілюстрацыйнае фота. Ровары «Аіст», зробленыя на менскім заводзе «Мотавела»

Менскі роварны завод плянуецца вынесьці за горад, у кітайска-беларускі індустрыяльны парк, што будуецца ў Смалявіцкім раёне, каля нацыянальнага аэрапорту «Менск», распавёў агенцтву «Минск-Новости» кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Пётра Шостак. Паводле яго, «праглядаецца будучыня» заводу:

«Перанос вытворчасьці ў кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“ дапаможа вырашыць многія пытаньні і, самае галоўнае, захаваць айчынны брэнд, — кажа Шостак пра „Мотавела“. — Праўда, ёсьць адзін нюанс, які аб’ядноўвае многія нашы прадпрыемствы, — мінулыя запазычанасьці па энэрганосьбітах і кепскія крэдытныя гісторыі. Мы працуем над гэтымі пытаньнямі і будзем дапамагаць суб’ектам гаспадараньня выблытвацца з даўгавых сетак».

На «Мотавела» засталася дзясятая частка колішніх работнікаў: на II квартал 2016 году (апошнія на сёньня зьвесткі) на прадпрыемстве працавалі 243 чалавекі, а дзесяцьцю гадамі раней работнікаў было 2685. Але завод дагэтуль прапануе на продаж ровары AIST і матацыклы M1NSK уласнай зборкі. Выручка «Мотавела» за 2015 год склала каля 6 млн даляраў, у той час як у 2006 годзе была каля 24 млн даляраў.

На пачатку 2017 году суд адабраў на карысьць дзяржавы ў бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва акцыі «Мотавела», што належалі аўстрыйскаму інвэстару. Самога Мураўёва пасадзілі на 11 гадоў за нявыплату падаткаў, крадзеж акцыяў і махлярства: у судзе высьветлілі, што грашовыя сродкі ў суме 20 мільёнаў даляраў у 2007–2012 гадах сапраўды залічаліся на рахункі «Мотавела», але ў наступныя некалькі дзён гэтыя грошы пераводзіліся на іншыя фірмы, падпарадкаваныя абвінавачанаму Мураўёву.

Апошняе слова Мураўёва было рэкордным па працягласьці: больш за 8 гадзін, 210 заўваг пракурору. Паводле Мураўёва, падчас сьледзтва яго зьбівалі і ня толькі патрабавалі прызнаць віну, але і дамагаліся, каб ён сплаціў дзяржаве некалькі мільёнаў даляраў на пакрыцьцё стратаў, якіх, як ён лічыць, не наносіў. Між тым, паводле падсуднага, дагэтуль у справе незаконна арыштавана маёмасьці на 120 мільёнаў даляраў — гэта і асабістая маёмасьць Мураўёва, і акцыі ды маёмасьць заводу «Мотавела».

У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка камэнтаваў справу Мураўёва: маўляў, асабіста ён ня быў прыхільнікам таго, каб Мураўёва садзілі, але нібы раней дамаўляўся зь ім, што калі ў яго знойдуцца парушэньні закону, яго бараніць ня будуць:

«Ты ўлез на ўзровень прэзыдэнта, ты абяцаў — выконвай. Дзесьці не атрымалася — не хлусі. Я ж прэзыдэнт, у нас жа дыктатура, аўтарытарызм і гэтак далей... Дык ты ж бойся гэтай дыктатуры».