«КПБ засталася пры ўладзе», — суд адхіліў пазоў гісторыка Кузьняцова да газэты «Коммунист Беларуси»

Ігар Кузьняцоў

Суд Цэнтральнага раёну Менску абвясьціў нэгатыўнае рашэньне на пазоў гісторыка Ігара Кузьняцова супраць Камуністычнай партыі Беларусі, газэты «Коммунист Беларуси» і ейнага аўтара Андрэя Лазуткіна.

У некалькіх матэрыялах на тэму Курапатаў і сталінскіх рэпрэсіяў Андрэй Лазуткін называў заяўніка «фальсыфікатарам гісторыі, які атрымлівае фінансаваньне для ажыцьцяўленьня антыдзяржаўнай дзейнасьці», «палкавым прапагандыстам», якому «сталінскія рэпрэсіі мрояцца ня толькі пад кожным кустом, але і пад кожнай памыйніцай».

Перад падачай іску ў суд Ігар Кузьняцоў у пісьмовай форме зьвяртаўся да адказчыкаў з патрабаваньнем зьняць гэтую інфармацыю з сайту, а таксама надрукаваць абвяржэньне за дзесяцідзённы тэрмін, але адказу не атрымаў.

«Кампартыя засталася пры ўладзе, — іранічна пакамэнтаваў рашэньне суду Ігар Кузьняцоў. — Буду абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі».

Суд Цэнтральнага раёну Менску

Кузьняцова ў судзе адказьнікі называлі «сталінаненавісьнікам» і дакаралі, што калісьці ён служыў у войску ва Ўруччы «палітруком», а цяпер працуе на «варожыя крыніцы».

Ігар Кузьняцоў у інтэрвію Свабодзе пасьля суду сказаў, што рашэньне было прынятае наверсе яшчэ да суду, бо адказьнікі дэманстравалі ўпэўненасьць менавіта ў такім рашэньні і нічога не рабілі, каб дасягнуць прымірэньня:

«Пасяджэньне фактычна прайшло ў адзін дзень, учора, закончылі пасьля 7 гадзін вечара, а ўжо сёньня а 9-й — гатовае рашэньне і напісаная пастанова. Гэта шмат пра што гаворыць», — заўважае гісторык Ігар Кузьняцоў.

19 красавіка на выхадзе з суду першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Георгі Атаманаў выбіў з рук тэлефон у прэс-сакратара Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, калі той спрабаваў яго сфатаграфаваць. Гарэцкі падаў заяву ў міліцыю, ён бачыць у дзеяньнях Атаманава наўмыснае хуліганства.