У Екацерынбургу памерла пэнсіянэрка, якую затрымалі за крадзеж харчоў

У расейскім горадзе Екацерынбургу памерла 78-гадовая пэнсіянэрка, затрыманая за крадзеж прадуктаў з крамы. Як паведамляе пракуратура Сьвярдлоўскай вобласьці Расеі, жанчыне стала кепска, калі яе даставілі на допыт у аддзел паліцыі. З аддзелу пэнсіянэрку павезьлі ў лякарню — праз два дні яна памерла. Пракуратура пачала праверку.

У красавіку 2015 году ў Санкт-Пецярбургу ў аддзеле паліцыі памерла 81-гадовая жанчына, затрыманая за крадзеж трох пачкаў масла агульным коштам каля 300 рублёў. Сёлета ў лютым у Іванаўскай вобласьці Расеі была асуджаная 70-гадовая пэнсіянэрка. Як паведамлялася, беднасьць змушала яе красьці прадукты. Жанчыну прысудзілі да году ўмоўнага пазбаўленьня волі.

У Расеі за мяжой беднасьці, толькі паводдле афіцыйных дадзеных, жывуць каля 22 мільёнаў грамадзян. Больш чым у 40 працэнтаў расейцаў не хапае грошай на ежу і адзеньне, яшчэ ў 11 працэнтаў няма сродкаў на харчовыя прадукты. У краіне пры гэтым адпаведна закону аб так званых «контрасанкцыях» за апошнія гады былі зьнішчаныя дзясяткі тысяч тонаў ежы.