Жонка Дашкевіча: Абвінавачаньня ў стварэньні ўзброенага фармаваньня Зьмітру не выстаўлялі

Зьміцер Дашкевіч

Наста Дашкевіч, жонка аднаго зь фігурантаў справы «Белага легіёну» — лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча, у размове з карэспандэнтам Свабоды выказала меркаваньне, што яе мужу дагэтуль не выстаўлялі абвінавачаньня ў стварэньні ўзброенага фармаваньня.

«Вось толькі што размаўляла з адвакатам, але гаворкі не ішло пра новае абвінавачаньне. Зьмітру, ва ўсякім разе, абвінавачаньня пра ўзброенае фармаваньне не выстаўлялі. Яго па-ранейшаму абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, як і было пасьля затрыманьня», — сказала Наста Дашкевіч.

11 красавіка газэта «Советская Белоруссия» распаўсюдзіла зьвесткі пра тое, што затрыманых у справе «Белага легіёну» нібыта абвінавачваюць паводле 287 артыкула Крымінальнага кодэксу — гэта стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня. Паводле газэты, такое абвінавачаньне было выстаўлена 17 затрыманым зь ліку 35, якія праходзяць па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазьней прадстаўнік КДБ Дзьмітры Пабяржын сказаў БелаПАН пра публікацыю ў «СБ», што «там усё дакладна».

Аднак прозьвішчы тых, каму нібыта выстаўлена абвінавачаньне паводле 287 артыкула, застаюцца невядомымі.

«У мяне такіх прозьвішчаў няма. Кантактую зь некаторымі адвакатамі, якія абараняюць затрыманых у справе „Белага легіёну“, але ня ведаю ніводнага, хто б пацьвердзіў, што ягонаму падабароннаму выставілі такое абвінавачаньне. І адвакатаў адмыслова для прысутнасьці на выстаўленьні такога абвінавачаньня не выклікалі», — паведаміла 14 красавіка старшыня рады «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская.

Паводле зьвестак Ніны Шыдлоўскай, у сьпісе затрыманых па справе «Белага легіёну», якім выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 293 КК аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, — 22 асобы. Арыштаваных утрымліваюць у СІЗА КДБ і СІЗА № 1, аднаму зь фігурантаў справы зьмянілі меру ўтрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Фігуранты справы «Белага легіёну»

Што такое «Белы легіён»