Беларусь цалкам выплаціла «Газпрому» запазычанасьць за расейскі газ

Беларусь цалкам пагасіла доўг перад расейскай кампаніяй «Газпром» за пастаўкі газу ў 2016-2017 гадах. Расейскай кампаніі было пералічана $726,2 млн, гаворыцца ў прэс-рэлізе на афіцыйным сайце кампаніі.

«Беларускі бок у поўным аб’ёме, у суме 726,2 млн даляраў пагасіў пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасьць перад „Газпромам“ за пастаўкі расейскага газу ў 2016-2017 гг.», — напісана ў паведамленьні.

На сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка было дамоўлена, што Менск заплаціць доўг за газ і атрымае зьніжку на газ з 2018 году.

9 красавіка віцэ-прэмʼер Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў у інтэрвію тэлеканалу АНТ, што Беларусь можа атрымаць ад Расеі крэдытаў яшчэ прыкладна на 1 млрд даляраў. Некаторыя аналітыкі выказалі меркаваньне, што большая частка гэтых грошай адразу пойдзе на выплату запазычанасьці за газ.