Літоўцы вучыліся змагацца зь «зялёнымі чалавечкамі» пад беларускай мяжой

Вучэньні ў Салечніках (Шальчынінкай), Літва

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы праводзіць вучэньні пад беларускай мяжой у Салечніках па дарозе зь Вільні на Ліду. Дэталёвы фотарэпартаж з вучэньняў публікуе Delfi.

Паводле легенды, якую агучыў міністар унутраных спраў Эймуціс Місюнас, «зялёныя чалавечкі» ўварваліся на тэрыторыю Літвы і спрабавалі захапіць адну з памежных застаў, а таксама камісарыят паліцыі Салечнікаў. Пасьля таго, як ворага заўважылі, на памежным участку зьнікла сувязь. У выніку вучэньняў 30 «зялёных чалавечкаў» захапілі камісарыят паліцыі, «забіўшы» 10 паліцыянтаў.

Паводле Місюнаса, вучэньні былі не паказальныя — не было «ні дыму, ні стральбы», а вораг перасоўваўся «хутка і ціха». Пра вучэньні паведамілі толькі кіраўніцтву паліцыі, службе аховы мяжы і службе грамадзкай бясьпекі, а шараговыя паліцыянты, звычайныя жыхары краіны і апэратары Адзінага цэнтру дапамогі пра вучэньні ня ведалі. Пра тое, ці тэлефанавалі мясцовыя жыхары на экстраны нумар 112, паступаюць супярэчлівыя зьвесткі.

Вучэньні яшчэ трываюць, іх вынікі пакуль не падводзіліся.