Міністры замежных спраў Беларусі і Ўкраіны Ўладзімер Макей ды Паўло Клімкін на сустрэчы ў Варшаве дамовіліся распрацаваць супольныя захады, прымеркаваныя да ўшанаваньня чарговай гадавіны чарнобыльскай катастрофы і да сьвяткаваньня 345-й гадавіны з дня нараджэньня ўкраінскага гетмана Піліпа Орліка.
Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі «актуальныя пытаньні двухбаковых адносін і міжнароднай праблематыкі».
Згодна з паведамленьнем, Уладзімер Макей ды Паўло Клімкін таксама адзначылі «важнасьць прадаўжэньня даверчага палітычнага дыялёгу на ўсіх узроўнях і актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва».
Сустрэча кіраўнікоў ЗС Беларусі і Ўкраіны адбылася ў рамках ініцыятывы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства».
In Warsaw Foreign Minister of #Ukraine @PavloKlimkin met with Minister of Foreign Affairs of #Belarus Vladimir #Makei pic.twitter.com/xpbubqm4e8
— MFA of Ukraine 🇺🇦 (@MFA_Ukraine) April 12, 2017