Суд у Гомлі аштрафаваў журналістку Ларысу Шчыракову

Ларыса Шчыракова

Працэс адбыўся ў Гомельскім раённым судзе, які разглядаў 4 адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да журналісткі-фрылансэркі Ларысы Шчыраковай: два зь іх датычацца незаконнага вырабу прадукцыі для замежных СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС, яшчэ два — за няяўку ў міліцыю.

На пытаньне судзьдзі, ці ёсьць у яе акрэдытацыя, Шчыракова адказала:

«У нашай краіне ўлады акрэдытацыю зрабілі дазволам на працу. Эўрапейская практыка разглядае акрэдытацыю як паведамленьне пра тое, што журналіст будзе здымаць рэпартажы там і там. Наколькі я ведаю, тэлеканал „Белсат“ пяць разоў падаваў заяўку ў МЗС на акрэдытацыю, але безвынікова. У сваёй краіне я жыву па правілах, якія мне гарантуе Канстытуцыя, міжнародныя пагадненьні, падпісаныя Беларусьсю. У прыватнасьці, Міжнародным пактам аб палітычных і грамадзянскіх правах таксама гарантуецца права на збор і распаўсюд інфармацыі. І ў той жа час уведзенымі падзаконнымі дакумэнтамі Беларусь парушае гэтыя мае правы».

Судзьдзя Застаўнецкая, не выходзячы ў дарадчы пакой, абвясьціла: штраф — 41 базавая велічыня (гэта 943 рублі). Прысутныя ў залі рашэньне судзьдзі сустрэлі воклічамі: «Ганьба!».

Суд у рэжыме онлайн блогеры трансьлявалі ў інтэрнэт. І як толькі Ларыса Шчыракова выйшла з будынку Гомельскага раённага суду ў двор, да яе падышла прадпрымальніца, працягнула 100 рублёў:

«Гэта на штраф. І дзякуй вам за вашу грамадзянскую пазыцыю!»

Ларыса Шчыракова (справа) пасьля суду

«Судзяць мяне за стрым мітынгу, які зладзілі 25 сакавіка, на Дзень Волі, удзельнікі „Маршу недармаедаў-2“ каля Палаца таварыства глухіх. Стрым трансьляваў спадарожнікавы тэлеканал „Белсат“. Яшчэ адзін матэрыял, паказаны на „Белсаце“, называўся „Беларускія лякарні ставяць досьледы над пацыентамі“. У ім расказвалася, як пацыентка Ўлукаўскай участковай бальніцы засталася без своечасовай мэдычнай дапамогі і атрымала інсульт, а іншыя, малалетнія, пакутавалі ад зробленых тут прышчэпак. Мне прыпісваюць, што я злоўжываю правамі і абавязкамі замежнага журналіста, прадугледжанымі пунктамі 2, 4, 6 артыкулу 34 закону „Аб СМІ“. Спачатку мяне запісалі ў замежныя журналісты, а пасьля пералічваюць, што я парушыла», — кажа Ларыса Шчыракова.

Журналісты, якія прысутнічалі на працэсе над Шчыраковай

Што да няяўкі ў Гомельскі РАУС, то журналістка патлумачыла, што выклікалі яе ў міліцыю ў выходны дзень, 25 сакавіка, калі грамадзяне маюць права на законны адпачынак. Другі пратакол быў складзены за спазьненьне ў міліцыю, і таксама ў выходны, 26 сакавіка.

Апроч таго, 25 сакавіка міліцыя пад прымусам адвезла Шчыракову ў гарадзкую пракуратуру, дзе ёй уручылі афіцыйнае папярэджаньне за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам «Белсат», падпісанае намесьніцай пракурора Ірынай Макарэвіч.

Перад гэтым журналістку-фрылансэрку судзілі за ўдзел 12 сакавіка ў мірным сходзе «недармаедаў» у Рагачове. Старшыня суду Гомельскага раёну Раіса Кавалевіч аштрафавала Шчыракову на 7 базавых велічыняў, што адпавядае 161 рублю. У папярэднія гады сума штрафаў незалежнай журналістцы за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ перавысіла ў эквіваленце тысячу даляраў.

13 красавіка, Ларысу Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд, дзе будзе разглядацца адміністрацыйны пратакол таксама паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП — за сюжэт «Дом „на курыных лапках“ у Рэчыцы. Гэта форменнае сьвінства». Склаў пратакол супрацоўнік Рэчыцкага РАУСу Сяргей Жураў. Журналістку чарговым разам абвінавацілі, што, ня маючы акрэдытацыі, яна брала інтэрвію ў жыхароў дому на вуліцы Войкава і «тым самым удзельнічала ў падрыхтоўцы і распаўсюдзе прадукцыі СМІ, разьмясьціўшы ў разьдзеле «Абʼектыў» замежнага спадарожнікавага тэлеканалу «Белсат».