БАТЭ прэзэнтуе новы беларускамоўны гімн у выкананьні «песьняра» Дайнэкі

Перад нядзельным паядынкам паміж футбольнымі камандамі БАТЭ і «Мінск» на барысаўскім стадыёне адбудзецца прэзэнтацыя новага гімну мясцовага клюбу. Як удакладняе прэсавая служба шматразовага чэмпіёна краіны, «гэта будзе песьня на беларускай мове пра наш клюб, Барысаў і Барысаўшчыну».

Аўтарам словаў — паэт Леанід Дранько-Майсюк, музыку напісаў Сайман Ноўскі. Кампазыцыю перад заўзятарамі і гульцамі выканае саліст ансамблю «Беларускія Песьняры» Валер Дайнэка.

Кіраўніцтва БАТЭ спадзяецца, што аматарам футболу спадабаецца новы гімн, а яго выкананьне трыбунамі пераўтворыцца ў традыцыйны рытуал перад хатнімі матчамі «жоўта-сініх».

9 красавіка пры ўваходзе на стадыён кожнаму заўзятару будзе ўручаны адмысловы флаер з тэкстам гімну барысаўскай каманды.