ЗША пагражаюць Радзе Бясьпекі ААН аднабаковымі дзеяньнямі ў Сырыі

Нікі Хейлі на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН

Злучаныя Штаты прыгразілі Радзе Бясьпекі ААН аднабаковымі дзеяньнямі, калі яна ня прыме калектыўнага рашэньня па сытуацыі ў Сырыі. Пра гэта на пасяджэньні Рады заявіла пастаянны прадстаўнік ЗША Нікі Хэйлі.

Пасяджэньне Радзе Бясьпекі ААН у справе меркаванай хімічнай атакі ў Сырыі завяршылася безвынікова. Галасаваньне па прапанаванай ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй рэзалюцыі не адбылося з прычыны рознагалосьсяў сярод членаў Рады. Паводле словаў Хэйлі, сырыйскі ўрад, Расея і Іран не зацікаўлены ў вырашэньні канфлікту.

4 красавіка сырыйская апазыцыя заявіла аб гібелі дзясяткаў чалавек у Хан-Шэйхуне. Мясцовыя мэдыкі падазраюць, што быў ужыты нэрвова-паралітычны газ. У цяперашні час колькасьць ахвяр ацэньваецца ў 72 чалавекі. Паўстанцы ўсклалі віну за напад на ўрадавыя войскі Сырыі.

Аўтары праекту рэзалюцыі, якая асуджае газавую атаку, заклікаюць Арганізацыю па забароне хімічнай зброі як мага хутчэй прадставіць высновы аб нападзе.

ЗША і краіны Эўразьвязу абвінавачваюць у датычнасьці да хімічнай атакі рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада. Расея заявіла, што 4 красавіка сырыйская авіяцыя нанесла ўдар па складзе снарадаў з атрутнымі рэчывамі. Паводле вэрсіі Масквы, названыя боепрыпасы пастаўляліся тэрарыстам ў Ірак і Сырыю.