Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргі асуджанага журналіста Аляксандра Баразенкі

Аляксандар Баразенка

5 красавіка Менскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу затрыманага падчас акцыі ў Дзень Волі відэаапэратара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенкі. Сам журналіст у працэсе ня ўдзельнічаў, ягоныя інтарэсы прадстаўляла адвакатка Ларыса Атаманчук.

Судзьдзя Ігар Любавіцкі пакінуў у сіле папярэдні судовы вэрдыкт, Баразенка застанецца пад вартай.

Ад імя Аляксандра Баразенкі абскарджвалася рашэньне суду Маскоўскага раёну Менску, згодна зь якім судзьдзя Тацяна Мотыль абвінаваціла яго ў дробным хуліганстве, пакараўшы адміністрацыйным арыштам тэрмінам 15 сутак. Журналіст аб’явіў галадоўку на знак пратэсту зь незаконным перасьледам.

27 сакавіка Аляксандар Баразенка быў затрыманы падчас выкананьня прафэсійных абавязкаў і асуджаны за тое, што нібыта «нецэнзурна лаяўся» падчас вулічнай акцыі 25 Сакавіка, якую асьвятляў. Аднак відэа з камэры, што была ў руках журналіста, абвяргае такое сьцьвярджэньне: Баразенка ня лаяўся, а наадварот, падкрэсьліваў, што ён журналіст.

У Менскім гарадзкім судзе відэазапіс затрыманьня Баразенкі быў прадстаўлены ў якасьці доказу ягонай невінаватасьці. На гэтай падставе адвакатка папрасіла адмяніць рашэньне пра арышт падабароннага.

Судзьдзя Ігар Любавіцкі прыняў рэчавы доказ і абвясьціў перапынак, каб падрыхтаваць абсталяваньне для прагляду відэа. Аднак убачанае, з гледзішча судзьдзі, невінаватасьць Баразенкі не пацьвердзіла. Пасьля чарговага перапынку на прыняцьцё рашэньня судзьдзя вырашыў: Аляксандар Баразенка вінаваты і дасядзіць прысуджаны тэрмін да канца.