Сэнатары ЗША Лукашэнку: Мяняй курс, калі хочаш захаваць незалежнасьць Беларусі

Ілюстрацыйнае фота. Рэспубліканцы Марка Рубіё (справа) і Джон Маккейн

Чатыры амэрыканскія сэнатары накіравалі адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім заклікаюць яго павярнуць палітычны курс у бок дэмакратыі і Захаду, каб абараніць тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Беларусі ад пасяганьня Расеі.

Вось тэкст гэтага ліста, які падпісалі дэмакраты Рычард Дэрбін і Джын Шахін ды рэспубліканцы Марка Рубіё і Джон Маккейн:

«Паважаны прэзыдэнт Лукашэнка:

Мы пішам вам зь вялікай занепакоенасьцю з нагоды нядаўняга здушэньня мірных пратэстаў у Беларусі. Некаторыя сэнатары Злучаных Штатаў пісалі вам пасьля арышту тых, хто мужна выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнціх выбарах у трывожным сьнежні 2010 году ў вашай краіне. Мы рашуча асудзілі тагачасныя адвольныя арышты і заклікалі вызваліць усіх тых апазыцыйных актывістаў, што ўрэшце і адбылося. Мы спадзяваліся, што ўзаемадзеяньне апошняга часу паміж Беларусьсю і краінамі Захаду будзе азначаць хоць і запозьнены, але чаканы паварот да больш дэмакратычнай сыстэмы. З гэтай прычыны, мы вельмі занепакоеныя выкарыстаньнем Расеяй тэрыторыі Беларусі для правакацыйных вайсковых гульняў на вучэньнях «Захад», якія адбудуцца сёлета, і вельмі расчараваныя тым, што вы зноў арыштавалі сотні ўдзельнікаў мірнай палітычнай дзейнасьці.

Паводле паведамленьняў прэсы і вартых даверу міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку Amnesty International, Freedom House, Камітэту абароны журналістаў і Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, улады затрымалі сотні людзей па ўсёй Беларусі, прычым многія зь іх атрымалі прысуды ад 3 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Большасьць затрыманьняў зьвязана з удзелам у мірных акцыях пратэсту апошнімі тыднямі супраць падатку на беспрацоўных, уведзенага ў 2015 годзе прэзыдэнцкім указам №3. Сам указ, хоць накіраваны на стымуляваньне занятасьці, адначасова нагадвае спробы савецкай эпохі крыміналізаваць беспрацоўе і ўвесьці прымусовую працу.

Прыпыненьне спагнаньня падатку зьяўляецца станоўчым крокам, але мы па-ранейшаму занепакоеныя патокам палітычна матываваных затрыманьняў, а таксама перасьледам мірных дэманстрантаў, сябраў апазыцыйных партый, журналістаў, праваабаронцаў і іншых актывістаў грамадзянскай супольнасьці. Таксама выклікаюць непакой зьвесткі аб празьмерным ужываньні сілы беларускімі ўладамі супраць гэтых мірных дэманстрантаў, перашкодах, робленых сіламі бясьпекі журналістам, якія паведамляюць аб пратэстах, і аб незаконным рэйдзе ў офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» ў Менску. Такім чынам, мы заклікаем вас неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць усіх, хто быў затрыманы ў сувязі зь цяперашняй хваляй дэманстрацый, а таксама спыніць перасьлед тых, хто ўдзельнічае ў гэтых дэманстрацыях або паведамляе пра іх, ажыцьцяўляючы права на свабоду выказваньняў і сходаў. Зрухі ў гэты бок дапамаглі б ажывіць узаемадзеяньне паміж Беларусьсю і дэмакратычнымі краінамі ды інстытутамі падчас неспакойнага пэрыяду павышанай напружанасьці і турбулентнасьці ў Эўропе.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу Эўропа і ЗША спадзяваліся, што Беларусь далучыцца да супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў – гэтае спадзяваньне напэўна падзяляе і беларускі народ. Аднак дзеяньні беларускага КДБ падарвалі гэтыя імкненьні, а таксама патэнцыял для пашырэньня ўзаемадзеяньня з Захадам. Як мы ўжо бачылі ў Крыме і іншых рэгіёнах Украіны, урад Расеі мае мала павагі да тэрытарыяльнай цэласьці або нацыянальнага сувэрэнітэту, і мы спадзяемся, што ваша краіна ня будзе наступнай ахвярай рэгіянальных амбіцый Уладзіміра Пуціна. Паводле аналёгіі з гвалтам ва Ўкраіне, павышэньне агрэсіі Расеі на вашых межах і намер Уладзіміра Пуціна пабудаваць вайсковую базу на вашай тэрыторыі – гэта непасрэдныя спробы падарваць сувэрэнітэт Беларусі. Мы спадзяемся, што гэта нарэшце дасьць магчымасьць зьмяніць курс і абараніць незалежнасьць вашай краіны і дэмакратычную будучыню.

Дзякуем за апэратыўную ўвагу да гэтага пытаньня.

Застаемся з павагай:

Рычард Дэрбін, сэнатар ЗША

Марка Рубіё, сэнатар ЗША

Джын Шахін, сэнатар ЗША

Джон Маккейн, сэнатар ЗША»