Пуцін вызваліў ад падаткаў расейцаў, якія трапілі пад санкцыі

Ілюстрацыйнае фота. Уладзімір Пуцін, Раман Ротэнбэрг і Генадзій Цімчанка пасьля хакейнага матчу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе расейцам, што трапілі пад санкцыі, не даваць справаздачы аб даходах і не плаціць падаткаў у Расеі ў асаблівых выпадках. Закон дзейнічае заднім днём — зь 1 студзеня 2014 году.

Раней папраўку ў Падатковы кодэкс, падрыхтаваную дэпутатам ад «Адзінай Расеі» Андрэем Макаравым, прыняла ў трэцім чытаньні Дзярждума. Закон дазваляе расейцам, што трапілі пад санкцыі і ў якіх ёсьць бізнэс або маёмасьць за мяжой, не станавіцца больш падатковымі рэзыдэнтамі Расеі. 29 сакавіка законапраект ухваліў Савет Фэдэрацыі.

У амэрыканскі санкцыйны сьпіс уключаныя 56 расейцаў, у эўрапейскі — 157 грамадзян Расеі і Ўкраіны — за іхную ролю ў анэксіі Крыму і падтрымку прарасейскіх сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Сярод іх прадпрымальнікі Раман і Аркадзій Ротэнбэргі, Генадзій Цімчанка, якіх лічаць блізкімі сябрамі прэзыдэнта Пуціна. Паводле зьвестак выданьня «Мэдуза», Цімчанка шмат гадоў зьяўляўся падатковым рэзыдэнтам Швайцарыі, але праз санкцыі зь 2014 году быў вымушаны жыць у Расеі.