Генпракурор ацаніў дзеяньні сілавікоў на Дзень Волі як «карэктныя»

Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2017 году

Перад пачаткам працы веснавой сэсіі Палаты прадстаўнікоў журналісты папрасілі генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка даць ацэнку дзеяньням міліцыі падчас жорсткага разгону на Дзень Волі ў Менску.

«Нашы праваахоўныя органы дзейнічалі нашмат больш карэктна, чым у іншых краінах. Астатняе мае патрэбу ў больш паглыбленым вывучэньні, і мы будзем гэта разглядаць», — сказаў Аляксандар Канюк, паведамляе БелаПАН.

Генэральны пракурор лічыць, што ня трэба спэкуляваць на ўзросьце затрыманых мітынгоўцаў, паколькі «узрост у гэтым выпадку ня мае значэньня». Нагадаем, што 25 сакавіка сілавікі затрымалі вялікую колькасьць старых людзей, у тым ліку выпадковых мінакоў.

Your browser doesn’t support HTML5

Жорсткія кадры затрыманьняў і зьбіцьця на Дні Волі

Канюк выказаў абазнанасьць, што ўсе затрыманыя на несанкцыянаванай акцыі «ня мірныя грамадзяне, з гэтым трэба яшчэ разьбірацца».

На думку пракурора, Менгарвыканкам не парушыў заканадаўства пры разглядзе заяўкі ад апазыцыі на правядзеньне акцыі ў Дзень Волі.

Аляксандар Канюк удакладніў, што праверка дзеяньняў Менгарвыканкаму праводзіцца ня будзе. На ягонае перакананьне, усе дзеяньні гарадзкіх уладаў, якія забаранілі мітынг на Дзень Волі ў цэнтры сталіцы, «абсалютна законныя».

Your browser doesn’t support HTML5

«Ім усё роўна, каго браць!» — жанчыне стала блага ў аўтазаку, і яе выкінулі на вуліцу.

Аналягічным чынам генпракурор адрэагаваў і на пытаньне пра затрыманьні і суды над журналістамі: «Трэба яшчэ разабрацца, што гэта за калегі».

«Надышоў час ставіць пытаньне, як падаецца інфармацыя ў СМІ. Напрыклад, у Нямеччыне пры тэндэнцыйным асьвятленьні ў мэдыя прадугледжаныя штрафы», — сказаў Канюк, якога цытуе tut.by.

Паводле праваабаронцаў, 25 сакавіка ў Менску было затрымана блізу 1000 чалавек, паўтары сотні былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.