Кіроўная партыя Армэніі перамагае на выбарах

Кіроўная партыя Армэніі, якую ўзначальвае прэзыдэнт краіны Серж Саргсьян, лідзіруе на парлямэнцкіх выбарах у краіне. Пра гэта сьведчаць толькі што апублікаваныя ў Ерэване дадзеныя экзытполаў, праведзеных кампаніяй Gallup International.

Паводле апытаньняў выбарнікаў на выхадзе з участкаў, Рэспубліканская партыя Армэніі атрымлівае 46% галасоў, блёк «Царукян» аднаго з найбагацейшых людзей Армэніі Гагіка Царук'яна — 25%, блёк «Елк» — 10%, нацыяналістычная партыя «Дашнакцуцюн» — 5%.

Заканадаўства Армэніі ўсталявала 5-працэнтны барʼер для праходжаньня ў парлямэнт партыяў і 7-працэнтны — для перадвыбарчых блёкаў.

Гэтыя выбары — першыя пасьля канстытуцыйнай рэформы 2015 года, у адпаведнасьці зь якой Армэнія пераходзіць да парлямэнцкай формы кіраваньня. Паводле паправак да канстытуцыі, новы армянскі парлямэнт будзе сфармаваны выключна паводле шматпартыйнай прапарцыйнай выбарчай сыстэмы.