Праваабаронца з Чачні і памочнік Кадырава апраўдалі забойства геяў

Рамзан Кадыраў (справа) і яго прэсавы сакратар Альві Карымаў (зьлева)

Прэсавы сакратар кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Альві Карымаў назваў публікацыю «Новой газеты» пра перасьлед гомасэксуалістаў у рэгіёне «дэзінфармацыяй». Паводле яго слоў, «нельга затрымліваць і прыгнятаць таго, каго папросту няма ў рэспубліцы».

Прадстаўнік кіраўніка рэспублікі адзначыў, што калі б у Чачні былі геі, «сваякі б адправілі іх па адрасе, адкуль не вяртаюцца».

Раней член рады правоў чалавека пры кіраўніку Чачні Хеда Саратава апраўдала затрыманьні і забойствы прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію радыёстанцыі «Гаворыць Масква», камэнтуючы паведамленьні «Новай газеты» пра перасьлед гомасэксуалістаў у рэгіёне.

Праваабаронца падкрэсьліла, што чачэнскія праваахоўныя органы і судовая сыстэма паставяцца да забойства гомасэксуаліста яго сваякамі з разуменьнем.

«Да мяне не паступала ніводнай заявы, але я б ня стала нават яе разглядаць», — адзначыла Саратава.

У суботу расейская «Новая газета» паведаміла аб масавай кампаніі супраць прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў у Чачні. Паводле дадзеных выданьня, затрыманыя больш за сто мужчын і трое забітыя. Чачэнскія карыстальнікі масава пакідаюць тэматычныя групы ў мэсэнджарах і закрываюць акаўнты ў сацыяльных сетках.

Пратэсты супраць сэксуальных меншасьцяў ахапілі Каўказ ў пачатку сакавіка, калі стала вядома аб падачы заявак на правядзеньне гей-парадаў у Нальчыку, Чаркеску, Стаўрапалі і Майкопе. У сацыяльных сетках зьявіліся заклікі да забойства людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі.