Украіну могуць пазбавіць ўдзелу ў Эўрабачаньні праз Самойлаву

Штаб-кватэра Эўрапейскага вяшчальнага саюзу ў Швэйцарыі.

Украіну могуць пазбавіць права ўдзельнічаць у конкурсе Эўрабачаньне з прычыны забароны СБУ на ўезд у краіну расейскай сьпявачцы Юліі Самойлавай. Пра гэта гаворыцца ў лісьце кіраўніка Эўрапейскага вяшчальнага саюзу Інгрыд Дэльтэнр прэм’ер-міністру Ўладзіміру Гройсману.

Украіну могуць выключыць з будучых спаборніцтваў, калі Кіеў не адменіць забарону на ўезд для ўдзельніцы з Расеі. Паводле словаў кіраўніка вяшчальнага саюзу, раней ніводная краіна-удзельніца песеннага конкурсу не перашкаджала выступленьня артысту зь іншай краіны.

Некалькі краін зьвярнуліся ў Эўрапейскі вяшчальны саюз з крытыкай рашэньня ўкраінскіх уладаў і разглядаюць магчымасьць байкоту конкурсу.

22 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла Самойлавай ўезд у краіну на тры гады. Ведамства лічыць, што яна парушыла ўкраінскае заканадаўства, выступіўшы ў анэксаваным Крыме ў 2015 годзе. Расея назвала рашэньне СБУ палітычным. Эўрапейскі вяшчальны саюз заявіў, што забарона ідзе супраць духу Эўрабачаньня.