Трамп прапанаваў зьмяніць закон пра паклёп, скрытыкаваўшы The New York Times

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у твітэры пра магчымасьць зьмены законаў аб паклёпе ў сувязі з публікацыямі газэты The New York Times.

У сваім допісе ў твітэры Трамп абвінаваціў выданьне ў няправільным асьвятленьні яго палітычнай дзейнасьці. «Яны мяне перакручваюць поўныя два гады. Памяняць законы аб паклёпе?»

Да свайго допісу Трамп прымацаваў спасылку на калёнку ў газэце The New York Post. У тэксьце артыкула падвяргаюцца крытыцы паведамленьні The New York Times пра меркаваныя сувязі яго паплечнікаў з Расеяй.

У лютым Трамп назваў шэраг амэрыканскіх СМІ, у тым ліку газэту The New York Times, ворагамі народа. Да гэтага ён неаднаразова папракаў некаторыя зь іх у распаўсюдзе лжывых навінаў. На сваёй першай прэс-канфэрэнцыі на пасадзе прэзыдэнта ЗША Трамп абвінаваціў тэлеканал CNN ў распаўсюдзе фальшывых навінаў і адмовіўся адказваць на пытаньні іх журналіста.