Беларусь пабудавала ў Ашгабадзе «комплекс будынкаў амбасады»

Туркмэнскія дворнікі. Ілюстрацыйнае фота.

З нагоды пачатку візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Туркмэністан на пытаньні Беларускай Свабоды адказаў дырэктар туркмэнскай службы RFE/RL Фарух Юсупаў.

Абламейка: Будаўніцтва Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбінату супрваджалася канфліктнымі сытуацыямі. Што гэта былі за канфлікты?

Юсупаў: Будаўніцтва камбінату мелася быць закончанае да канца 2015 году. Як бачым, спазьненьне склала амаль паўтара году. Канфлікты сапраўды былі. Туркмэнскі бок выказваў незадавальненьне тэмпам і ходам працаў, абвінавачваў беларускі бок у зацягваньні працэсу. Вострая фаза канфлікту была летам мінулага году, калі беларускі чыноўнік Міхаіл Мясьніковіч абвінаваціў туркмэнскі бок у невыкананьні абавязаньняў па выплатах. Была і гаворка пра тое, што нават заробак беларускім будаўнікам ня плаціцца. Але гэтыя канфлікты былі палагоджаныя на ведамасным узроўні, і пасьля гэтага беларускі бок заявіў, што будаўніцтва камбінату будзе закончанае 31 сакавіка 2017 году. Але на сёньня яшчэ ня ясна, наколькі гэтае прадпрыемства гатовае да запуску.

Фарух Юсупаў

Абламейка: Тым ня менш, у інфармацыйным паведамленьні пра візыт гаворыцца, што будаўніцтва закончанае.

Юсупаў: Ну там будзе, хутчэй за ўсё, нейкае ўрачыстае мерапрыемства, бо туды ж едуць абодва прэзыдэнты. Але туркмэнскія сродкі масавай інфармацыі, якія ў Туркмэністане толькі дзяржаўныя, нічога канкрэтнага ня пішуць, калі прадпрыемства будзе рэальна запушчана і калі рэальна пачнецца здабыча і перапрацоўка калійнай руды.

Абламейка: Маю ўвагу прыцягнула фраза ў беларускім інфармацыйным паведамленьні пра візыт Лукашэнкі ў Туркмэністан, што абодва кіраўнікі дзяржаваў возьмуць удзел ва ўрачыстым адкрыцьці 30 сакавіка «комплексу будынкаў» беларускай амбасады. Гэта дзіўна, бо, напрыклад, у эўрапейскіх краінах пад амбасады Беларусі занятыя даволі сьціплыя дамкі.

Юсупаў: Вядома, амбасаду ўтрымліваць — гэта ня танна. Наколькі гэта патрэбна Беларусі — я таксама ня ведаю, бо Туркмэністан, мякка кажучы, не зьяўляецца ключавой дзяржавай Цэнтральнай Азіі... Хутчэй за ўсё пабудова цэлага комплексу будынкаў зьвязана з тым, што ў Туркмэністане любяць размах, і ў Ашгабадзе ўсе пасольствы складаюцца з комплексу будынкаў. Ну і, відаць, цёплае стаўленьне да Беларусі і добрыя дачыненьні паміж абодвума прэзыдэнтамі стала асноўнай прычынай таго, што ў сталіцы Туркмэністану будзе такі комплекс будынкаў.

Абламейка: Фарух, а як бы вы мнаагул ахарактарызавалі двухбаковыя дачыненьні паміж Беларусьсю і Туркмэністанам?

Юсупаў: Дачыненьні паміж двума кіраўнікамі заўсёды былі цёплыя З кожнай нагоды Аляксандар Лукашэнка выказваў захапленьне прэзыдэнтам Туркмэністану, а Бэрдымухамэдаў заўсёды пры нагодзе выказваўся цёпла пра Аляксандра Лукашэнку. Што ж тычыцца палітычных і эканамічных дачыненьняў, то, ня лічачы вось гэтага камбінату, які каштаваў мільярд даляраў — гэта даволі ўнушальная сума, паміж такімі краінамі, як Беларусь і Туркмэністан гандлёва-эканамічныя дачыненьні знаходзяцца на невысокім узроўні. Гэта значыць, што Туркмэністан і Беларусь адно для аднаго не зьяўляюцца ключавымі партнэрамі. Туркмэністан не ўваходзіць у ЭўраЗЭС і іншыя інтэграцыйныя структуры на постсавецкай прасторы і мае статус нэўтралітэту.

Можна яшчэ згадаць, што пасьля сьмерці першага прэзыдэнта Сапармурата Ніязава ягоны самалёт быў закуплены для Аляксандра Лукашэнкі. Цяперашні прэзыдэнт Бэрдымухамэдаў не захацеў, відаць, лётаць на самалёце сэканд-хэнд.

Афіцыйны візыт адбудзецца з 29 па 31 сакавіка, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі 30 сакавіка спачатку правядзе перамовы з прэзыдэнтам Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдавым. А пазьней яны разам прымуць удзел у цырымоніі адкрыцьця комплексу будынкаў амбасады Беларусі ў Туркмэністане. На наступны дзень Лукашэнка і Бэрдымухамэдаў наведаюць Гарлыкскі горна-ўзбагачальны камбінат, будаўніцтва якога было нядаўна завершане беларускім бокам, і дадуць старт работы заводу.

Пагадненьне аб будаўніцтве ў Туркмэністане пад ключ горна-ўзбагачальнага комплексу для вытворчасьці калійных угнаеньняў было ўхваленае ў 2009 годзе. У 2010 годзе паміж дзяржканцэрнам «Туркмэнхімія» і ААТ «Белгархімпрам» быў падпісаны кантракт на будаўніцтва пад ключ камбінату.