«Абражаюць гонар і годнасьць украінскіх грамадзянаў», — амбасада Ўкраіны ў Беларусі пра заявы і БТ

Амбасада Ўкраіны ў Беларусі распаўсюдзіла заяву наконт нядаўніх выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў» ва Ўкраіне, дзе нібыта рыхтуюць баевікоў для масавых беспарадкаў у Беларусі. Таксама згадваюцца словы, што гучалі ў перадачы «Званок сябру» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1».

«Амбасада Ўкраіны ў Беларусі са шкадаваньнем адзначае, што апошнім часам для беларускай інфармацыйнай прасторы актуальнымі сталі пытаньні інфармацыйнай гігіены: абвінавачваньні грамадзянаў Украіны ў магчымай датычнасьці да экстрэмісцкай дзейнасьці, зьняважлівыя азначэньні ў адрас герояў Нябеснай Сотні і абаронцаў Рэвалюцыі годнасьці.

Такія інфармацыйныя пасажы абражаюць гонар і годнасьць украінскіх грамадзянаў, якія не спрыяюць падтрыманьню аўтарытэту Беларусі як міралюбівай пляцоўкі для разьвіцьця канструктыўнага дыялёгу, нацэленага на падтрыманьне добрасуседзкіх стасункаў з Украінай».

Заявы пра нібыта датычнасьць Украіны да «масавых беспарадкаў» у Беларусі гучаць не ўпершыню. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году гучалі заявы пра нібыта затрыманых «200 украінцаў зь бітамі і адной гранатай», таксама «ўкраінскі сьлед» нібы знаходзілі ў ранейшых акцыях пратэсту.

Днём раней беларускія памежнікі заяўлялі аб «прарыве мяжы» з боку Ўкраіны ўзброенымі людзьмі на джыпе. Але пазьней беларускі бок прызнаў аргумэнты ўкраінскіх уладаў наконт інцыдэнту з аўтамабілем: падстаў казаць пра тое, што аўтамабіль прыбыў з украінскага пункту пропуску, няма, а беларускі бок парушыў асобныя пункты Пляну ўзаемадзеяньня.