Дзяржсакратар ЗША не паедзе на сустрэчу NATO ў красавіку і наведае Расею ў траўні

Рэкс Тылерсан

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан наведае Расею падчас паездкі па Эўропе ў траўні, аднак ня будзе браць удзелу ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў красавіку.

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў гэтыя пляны позна ўвечары 20 сакавіка паводле амэрыканскага часу.

Афіцыйна не было патлумачана, чаму Тылерсан ня будзе ўдзельнічаць ў сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Брусэлі 5-6 красавіка. Замест яго туды накіруецца намесьнік дзяржсакратара Том Шэнан. Агенцтва Ройтэрс са спасылка на неназваных цяперашніх і былых амэрыканскіх службоўцаў паведаміла, што прычына адсутнасьці — тое, што Тылерсан будзе прысутнічаць на перамовах паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Кітаю Сі Цзіньпінам, якія маюць прайсьці 6-7 красавіка ў штаце Флорыда.

У Маскву Тылерсан мае паляцець пасьля саміту «Вялікай сямёркі» ў Італіі 26-27 траўня. Прэсавая сакратарка Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава 21 сакавіка сказала, што яе ведамства «не гатовае пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю».