Нашы маці, нашы айцы, або лякальны Апакаліпсіс

Алена Германовіч

«Тыя, хто рыхтуе выбухі, раскідае ўлёткі — іх я лічу глупствам. Колькі іх? Тысяча, ну дзесяць тысяч, раней ці пазьней яны будуць злоўленыя і павешаныя. А што рабіць вось з гэтым... статкам. Рана ці позна яны зададуць нам працу. Што зробіш, мы жывём у веку, адзначаным нахабствам натоўпу. Яшчэ ніколі раней натоўп не заходзіў так далёка ў сваіх прэтэнзіях, як у наш час. Жыць робіцца моташна, як падумаеш, што ўявіла сабе гэтае быдла. Стачкі, забастоўкі, пратэсты — чорт ведае што», — скардзіўся маладому фашысту сталы ў фільме «Пятая пячатка». Ён павучаў маладога: ня так цяжка, ня так важна зьбіць чалавека, пакараць яго, зламаць нос і сківіцу, і праз гэта запалохаць іншых. Важна іншае: зрабіць так, каб чалавек не паважаў сам сябе. «Вы праўда зьбіраецеся выпусьціць адсюль чалавека, які будзе баяцца нас, ненавідзець, але пры гэтым паважаць сябе за тое, што замахваўся на нас кулаком? Гэта было б памылкай. Мэта — прымусіць іх пагарджаць самімі сабой, да агіды», — вучыў сталы фашыст.

Важна іншае: зрабіць так, каб чалавек не паважаў сам сябе.

Тыя павучаньні леглі ў аснову «ідэалёгіі», якой так «удала» карысталася тутэйшая «ўлада». І здавалася — гэта прыносіла плён — зьнішчаць чалавека ў чалавеку, пазбаўляць яго самапавагі. Узгадайце, як паводзяць сябе ўсе гэтыя «прыкарытнікі», як абражаюць і прыніжаюць тых, хто, як яны думаюць, ніжэй іх рангам. І гэта спрацоўвала! Але пэўны час. Усе ідэалёгіі абмежаваныя пэўным часам, яны ўсе — не назаўжды, толькі на пэўны час. Як страшныя рэчы ў Апакаліпсісе, дзе пішацца пра зьнішчэньне ўсяго жывога і людзей, якое было на працягу пяці месяцаў, што значыць — пэўнага прамежку часу. Усё тут — не назаўжды. І няма нічога назаўжды. Паўтараю гэта, калі «накрывае».

У 2015 годзе пэнсіянэркі ў старых куртках, з-пад якіх тырчаць выцьвілыя савецкія халаты, цягнуцца на ўчасткі, радасна і ахвотна распавядаюць, што яны галасуюць за «будучыню нашых дзяцей і унукаў». Яны, якія ня могуць дазволіць набыць сабе нармальную вопратку — выбіраюць будучыню дзецям, унукам. Якую будучыню? Каб яны былі такімі ж, як зараз гэтыя замардаваныя жыцьцём пэнсіянэркі ў бясколерных хустках і халатах, як і само жыцьцё, пазбаўленае колераў? «Каб толькі не было вайны», — моляцца і жагнаюцца старыя.

Каб яны не жылі так, як мы!

2017 год — і пэнсіянэркі ў першых шэрагах на акцыях у рэгіёнах, прынамсі, у Гомелі і Рагачове, тое, што я бачыла на ўласныя вочы. «Мы прыйшлі — за сваіх дзяцей і унукаў! Каб яны не жылі так, як мы! Мы з вамі, дзеці!», — ахвотна распавядаюць пэнсіянэркі. Яны не баяцца называць свае прозьвішчы, распавядаюць пра маленькія пэнсіі, дзяцей сваіх, што сядзяць без працы, і спадзяюцца на дапамогу маці, таты ці бабулі, у трыццаць-то гадоў, пра ўнукаў, якім тут нічога ня сьвеціць. Сьвет перакуліўся. На акцыі ідуць тыя, хто год ці два таму зацята крычаў «Толькі б не было Майдану», і нават «Крым наш!». Прыяцелі са зьдзіўленьнем пазнаюць на здымках з «Маршаў» сваіх цётак і дзядзькаў — пэнсіянэраў. «Уяві, мая маці ідзе на Марш!», — піша знаёмы паведамленьне вялікімі літарамі, з мноствам клічнікаў. Сама ледзь ня страціла прытомнасьць, калі ўбачыла на Маршы сваяка, які за беларускую ўладу стаяў гарой. На акцыі ў Рагачове кабета-пэнсіянэрка кажа мне: «Мне-то што, я прыйшла дзеля свайго сына, у яго няма працы!». Той, недзе 30+, сарамліва тупае з нагі на нагу за сьпінай маці.

«Мы перадумалі!», — кажуць пэнсіянэркі, якія галасавалі і агітавалі раней за таго, з прозьвішчам на літару «Л» (прабачце, я дала абяцаньне не ўпамінаць яго ў вуснай і пісьмовай мове).

Дзіва што – у Гомелі такога не было апошнія дзесяць гадоў мінімум.

На Маршы — маладая пара, недзе 30+ на кожнага. Назіраюць за Дзеяй вялікімі круглымі вачыма. Дзіва што — у Гомелі такога не было апошнія дзесяць гадоў мінімум. «Ведаеш, а калі шмат людзей — то не так страшна, праўда?», — шэпча маладая жанчына спадарожніку.

У райцэнтры да плошчы падвозіць таксіст, выпытвае — чаго прыехала ў іх горад. Неяк вылічвае маю прафэсію і радасна абвяшчае: «Ага, вы журналіст!». І праз паўзу: «Жыве Беларусь!». Грошай не бярэ.

Гэта такія дробязі, мазаіка, з якой спрабую скласьці фігуру, малюнак, структуру, карціну сьвету, які імкліва рассыпаецца на вачах, і пераўтвараецца ў нешта новае — новае для нас.

Сьвет перакуліўся. А «сьвяцілы» пападалі зь неба. Ксёндз-дамініканец Адам Шустак тлумачыў шостую пячатку Апакаліпсісу, тую частку, якая тычыцца падзеньня на зямлю зорак і розных крыніц сьвятла, так: Гэта падзеньне розных «сьвяцілаў», «правадыроў», аўтарытэтаў, якія зганьбілі сябе сваімі ўчынкамі, і якім больш ня вераць людзі. А людзі бягуць тады па сьвеце, і шукаюць небясьпечнае месца, самастойна, безь «сьвяцілаў», у страху, жаху, вусьцішы — бо тое, што было «сьвятлом», аказалася цемрай, і каму зараз верыць, і дзе шукаць бясьпечнае месца, «каб не было вайны, і каб было ўсё ціха-мірна»?

Сьвет перакуліўся.

...Скачуць чатыры вершнікі Апакаліпсісу — з лукам, мячом, шалямі і ўладай над сьмерцю. Лук — самотнасьць, меч — падзелы і нянавісьць, шалі — высокі кошт усяго, што можа задаволіць нашу прагу і голад, і ўрэшце чацьвёрты вершнік — сьмерць і пекла. Тыя вершнікі, што сеялі смутак, самоту, нянавісьць паміж людзьмі, падзялялі ўсіх на «беленькіх» і «чорненькіх», якія самастойна вырашалі — што і колькі каштуе, ад кілбасы да свабоды, якія «адвешвалі» людзям тэрміны — суткі, месяцы і гады турмы, якія пагражалі, палохалі — шалеюць і сёньня, скачуць як апантаныя. Нездарма сымбаль іх улады — чорныя аўтазакі, сёньня зьявіліся ня толькі ў сталіцы і Гомелі, але і на плошчах райцэнтраў, такіх, як Мазыр і Сьветлагорск, і падобныя яны на тыя коньніцы, і на тую саранчу, што ў мэталічных панцырах шкодзіла людзям.

... Падаюць «зоркі» з неба — якія самі сябе прызначылі «сьвяціламі». Бяжыць на людзей саранча, якая мае прыгожыя жаночыя валасы — сымбаль прывабнасьці, але мае і прыхаваныя зьвярыныя зубы, і мэталічны панцыр. Як суд, які прызначаны вяршыць правасудзьдзе, а сам робіць фокусы і маніпуляцыі з ліпавымі пратаколамі, складзенымі саранчой, што на вуліцах хапае людзей. «І воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых». Шмат саранчы, атрады, батальёны... Жарэ яна ўсё на сваім шляху. І сэрца ня мае, там дзе сэрца — панцыр жалезны.

За саранчой коньніца скача, а галовы ў коней — як галовы львоў, а з храпаў — агонь, дым і серка...

...Але нам ня страшна — бо мы ведаем канец гэтай казкі. І тэрмін шалёных забегаў саранчы і коньніцы абмежаваны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.