У Слоніме затрыманы арганізатар «Маршу недармаедаў» Віктар Марчык

Віктар Марчык на акцыі "Марш недармаедаў" у Слоніме 19 сакавіка 2017 году

У Слоніме затрыманы актывіст Партыі БНФ, адзін з арганізатараў сёньняшняга «Маршу недармаедаў» Віктар Марчык. На марш сабраліся сотні людзей, да людзей выходзіў старшыня райвыканкаму Алег Таргонскі.

Запіс відэатрансьляцыі з акцыі ў Слоніме:

Актывіст Партыі БНФ Віктар Марчык, які меў мэгафон, у самым пачатку акцыі запрасіў удзельнікаў прайсьці да будынка райвыканкаму. Там да пратэстоўцаў выйшаў старшыня райвыканкаму Алег Таргонскі, які праз мэгафон адказваў на пытаньні:

«Вы кожны можаце са сваёй праблемай прыйсьці да мяне ў райвыканкам, я чалавек адкрыты, будзем вырашаць усе пытаньні. Можаце прыходзіць у любы час, нават калі гэта непрыёмны дзень...», — сказаў Таргонскі.

Алег Таргонскі, старшыня слонімскага райвыканкаму на мітынгу 19 сакавіка 2017 году

На пытаньне пра абяцаныя 500 даляраў Таргонскі адказаў так:

"500 даляраў я вам проста ня дам, іх трэба зарабіць. Бярыце лапаты і рабіце... А што датычыць працоўных месцаў, то ў гэтым годзе мы плянуем адкрыць 200 новых працоўных месцаў".

Калі акцыя скончылася, невядомыя гвалтоўна схапілі Віктара Марчыка і пасадзілі ў мікрааўтобус без нумароў.

Па тэлефоне Марчык паведаміў, што знаходзіцца ў міліцыі.

Віктар Марчык на мітынгу ў Слоніме 19 сакавіка 2017 году

Падчас размовы з слонімцамі старшыня райвыканкаму сказаў, што заступіцца за кожнага, супраць каго будуць ужытыя рэпрэсіі за ўдзел у сёньняшняй акцыі.

"Як можна верыць уладам? Атрымліваецца, адной рукой паціскаюць тваю руку, а другой паказваюць кукіш. Я папярэдне дамовіўся з адміністрацыяй, што мы зьбяромся і прыйдзем да чыноўнікаў, каб тыя пагаварылі зь людзьмі. Я ўзяў на сябе адказнасьць, каб усё было мірна і спакойна. Праз мэгафон кіраваў акцыяй. Гэты ж мэгафон выкарыстоўвае старшыня райвыканкаму Алег Таргонкі, калі размаўляў зь людзьмі. Усе чулі, што ён паабяцаў заступіцца за тых, супраць каго будуць рэпрэсіі. І адразу пасьля акцыі мяне затрымалі... Як можна верыць такім уладам", - сказаў Марчык Свабодзе.

Пакуль ён знаходзіцца ў слонімскім аддзеле міліцыі. Кажа, што там пакуль ня вырашылі, што рабіць - адпускаць ці затрымліваць да суду.