«Лукашэнка ў нечым нагадвае позьняга Януковіча»

Гвалт дзеля страху: хто каго баіцца? Пратэст ад рэгіёнаў да сталіцы: чаго патрабуюць людзі? Ці будзе Беларусь наступнай пасьля Ўкраіны? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць з Прагі Ганна Соўсь і Юры Дракахруст, зь Менску — Валер Каліноўскі і Севярын Квяткоўскі.


Прапануем вам фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: Чым вы патлумачыце жорсткія рэпрэсіі? Тацяна Севярынец лічыць, што «улада лютуе са страху»? Ці насамрэч спужалася ўлада?

​

20 гадоў розныя выклікі ў яго былі, і ён ня пойдзе на такія радыкальныя крокі, якія ўрэшце прывялі да зьвяржэньня Януковіча

​Валер Каліноўскі: Рэпрэсіі, канечне мэтанакіраваныя, найперш, каб пасеяць страх у грамадзтве і вывесьці з гульні лідэраў пратэстаў, кіраўнікоў апазыцыйных партыяў, прамоўцаў, тых людзей, якія могуць сапраўды пераўтварыць акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў важную падзею ў грамадзкім жыцьці, у сацыяльны пратэст, які нечага даможацца. Улады даюць тэрміны, якія пакрываюць 25-ае, калі будзе асноўная акцыя, каб людзі знаходзіліся ў турме. Ці баіцца сама ўлада, ці паказвае свой страх такім чынам? Калі бугай-амапавец нападае на дзяўчыну- анархістку ў Менску і цягне яе за валасы, гэта ня ёсьць прыкметай вялікай храбрасьці і сілы. Гэта, напэўна, прыкмета слабасьці ўлады, што яна прыбягае да такіх мэтадаў, каб папярэдзіць пратэсты супраць сябе. Напэўна, улады баяцца, што гэты пратэст разгарэцца далей, пойдзе з рэгіёнаў у сталіцу і, магчыма, зрыне гэты рэжым. Гэта страх і жаданьне зьбіць хвалю абурэньня найперш кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі.

Гэта прыкмета слабасьці ўлады, што яна прыбягае да такіх мэтадаў

Аляксандар Лукашэнка фактычна і ўяўляе сабой дзяржаўную вэртыкаль, усё на ім зацыклена. Ён фактычна пераўтвараецца ў слабага кіраўніка, ён пачынае рабіць памылку за памылкай, у нечым нагадвае позьняга Януковіча. Спадзяюся, што ён будзе больш мудрым, паколькі болей быў пры ўладзе. 20 гадоў розныя выклікі ў яго былі, і ён ня пойдзе на такія радыкальныя крокі, якія ўрэшце прывялі да зьвяржэньня Януковіча. І спадзяюся, што ня будзе на яго такога наўпроставага ўплыву з боку Пуціна, які меў Януковіч, і што Лукашэнка зможа ўзьніклыя пытаньні, нарастаючы сыстэмны крызіс вырашыць у грамадзкі прымальны спосаб.

​Ганна Соўсь: Юры, ці вы згодны, што Лукашэнка цяпер слабы, што, як напісаў Валер Карбалевіч у сваім блогу, робіць ва ўмовах крызісу ўсё больш памылак? Ці нагадвае ён позьняга Януковіча?

​Юры Дракахруст: Я так не лічу. Украіна — іншая краіна. Далёка не паўсюль, дзе ўлада ўжывае сілу, яна ўрэшце церпіць паразу. Гэта далёка ня так, калі мы возьмем і гісторыю, і цяперашні сьвет. Ён рэагуе так, як рэагуюць аўтарытарныя кіраўнікі...

Ганна Соўсь: Як рэагаваў усе гэтыя гады...

​Юрый Дракахруст: Так, сапраўды. Я думаю, калі Януковіч ў лістападзе 2013 году кінуў «Бэркут» разганяць людзей на вуліцы, то, магчыма, і сам думаў, і, магчыма, Пуцін мог яму сказаць: «Віця, што ты баісься? Паглядзі, як Лукашэнка за 7 хвілінаў усё разагнаў, і ты так зрабі». А вось так у яго не атрымалася. Гэта іншая краіна. Я бы не сказаў, што калі ўлада ўжывае сілу, то гэта такое ўжо сьведчаньне яе слабасьці. Ёй можа не пашанцаваць, але гэта не абавязкова.

Ганна Соўсь: Ці пойдзе Беларусь шляхам Украіны, ці ператворацца беларускія пратэсты ў Майдан — такое пытаньне задаюць многія. Які ваш адказ на яго? Ад чаго ён залежыць?

калі гэтыя людзі выйдуць, магчыма, адбудзецца нешта падобнае на перабудову, альбо румынскі варыянт альбо нейкі іншы

​Севярын Квяткоўскі: Беларусь — не Ўкраіна, і Ўкраіна — не Беларусь, у нас розныя ўмовы і розныя рэаліі. Нам проста падаецца, што мы падобныя, мовы падобныя, гістарычныя лёсы падобныя, але насамрэч мы вельмі розныя. У Беларусі такі Майдан немагчымы, каб два месяцы стаяць. У Беларусі ўсё будзе адбывацца досыць хутка. Як кажа Валера, дай Бог розуму Лукашэнку не рабіць рэзкія рухі. Адна справа ў 2010 годзе, калі выходзіў крэатыўны кляс, калі людзі выходзілі найперш за ідэю, за сваю годнасьць, а іншая справа, калі зараз выйдуць рабочыя. Яны пакуль яшчэ чакаюць, ім ёсьць за што трымацца. Эканоміка будзе дэградаваць, людзі будуць бяднець, і калі гэтыя людзі выйдуць, магчыма, адбудзецца нешта падобнае на перабудову, альбо румынскі варыянт альбо нейкі іншы. Але так, як на Майдане, ня будзе, канечне.