Такія зьвесткі ўтрымліваюцца ў дасьледаваньні, зробленым Радай Эўропы, вынікі якога былі прадстаўленыя 14 сакавіка журналістам.
Школа крымінальных дасьледаваньняў Унівэрсытэту Лазаны ў Швэйцарыі, якая зрабіла дасьледаваньне па замове Рады Эўропы, паведамляе, што па дадзеных на канец 2015 года на 100 тысяч жыхароў Расеі прыпадала 439,2 зьняволеных.
Па гэтым паказчыку Расея з вялікім адрывам «абагнала» іншыя эўрапейскія краіны: наступныя за ёй у гэтым рэйтынгу — гэта Літва (278 зьняволеных на 100 тысяч грамадзян), Грузія (275) і Азэрбайджан (223,4).
Паказчык Расеі ў 4 разы перавышае сярэдні ўзровень для краін-сябраў Рады Эўропы (115 зьняволеных на 100 тысяч жыхароў краіны).
Навукоўцы з Унівэрсытэту Лазаны паведамілі, што забойства застаецца самым распаўсюджаным злачынствам, за якое адбываюць пакараньне ў расейскіх турмах — людзі, асуджаныя па гэтым артыкуле крымінальнага кодэкса Расеі, складаюць 27,8 адсоткаў ад агульнай колькасьці зьняволеных.
Узровень сьмяротнасьці ў турмах Расеі склаў 61,1 на 10 тысяч зьняволеных — адзін з самых высокіх сярод буйных эўрапейскіх краін, больш чым у два разы вышэй за сярэдні паказчык па Эўропе ў 27,3%.