«Цяперашні рэжым абрынецца, як КПСС», — актывіста АГП з Магілёва Шанцава пакаралі 15 суткамі арышту

Уладзімер Шанцаў

Суд Ленінскага раёну Магілёва прысудзіў 15 сутак арышту лідэру мясцовай суполкі АГП Уладзімеру Шанцаву за арганізацыю «прагулкі недармаедаў» 19 лютага.

Міліцыянты прывезьлі Шанцава да будынку суду ў цывільнай машыне, праз чорны ўваход увялі ў судовае памяшканьне. Ніхто з журналістаў і актывістаў на суд трапіць ня змог.

Яны выпадкова пабачылі самога Шанцава ўжо пасьля выраку.

Уладзімер Шанцаў паведаміў, што яго пакаралі арыштам на 15 сутак за арганізацыю акцыі недармаедаў 19 лютага, але ён ня лічыць сябе вінаватым.

«Цяперашні рэжым абавязкова абрынецца, як у свой час КПСС», — заявіў Шанцаў журналістам пасьля прысуду.

Судзіла Шанцава судзьдзя Ірына Ланчава. У канцылярыі суду праваабаронцам адмаўляюцца што-небудзь казаць па сутнасьці справы Шанцава і дэталі працэсу. Матэрыялы адміністрацыйнай справы на яго паступілі ў суд толькі ўчора ўвечары.

Магілёўскі гарвыканкам адмовіў дэмакратычным сілам Магілёва ў правядзеньні «Маршу недармаедаў» 15 сакавіка, які мусіць пачацца а 18.00 ад дома па вул. Ленінская, 29. Заяўнікамі акцыі былі лідэры мясцовых філіяў БХД Алег Аксёнаў, АГП Уладзімер Шанцаў, руху «За свабоду» Алесь Сілкоў і БСДП (Г) Ігар Барысаў.