Беларусаў, якія маюць украінскі пашпарт, могуць пазбавіць грамадзянства Ўкраіны

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект, у якім прапануецца ануляваць украінскае грамадзянства асобе, якая добраахвотна атрымала грамадзянства замежнай дзяржавы.

Паводле прадстаўніка прэзыдэнта Ўкраіны ў парлямэнце Артура Герасімава, гэты законапраект павінен вырашыць пытаньні з падвойным грамадзянствам. Парашэнка лічыць неабходным выразна ўрэгуляваць гэтае пытаньне, а сытуацыі, калі чыноўнікі заяўляюць аб наяўнасьці ў іх некалькіх замежных пашпартоў, паводле яго слоў, зьяўляюцца недапушчальнымі.

Таксама законапраект удакладняе падставы для пазбаўленьня грамадзянства Ўкраіны. Такой падставай прапануецца лічыць сытуацыю, калі асоба, якая добраахвотна атрымала грамадзянства замежнай дзяржавы, не здала замежны пашпарт. Або, атрымаўшы грамадзянства Ўкраіны, таксама ў пэўны прамежак часу не здала пашпарт іншай дзяржавы.

Беларускія законы не прадугледжваюць пакараньня ў выпадку, калі грамадзянін Беларусі мае пашпарт замежнай дзяржавы.