Лябедзька не адмяняе «Марш недармаедаў»: «Улады не змаглі вырашыць сытуацыю рэпрэсіямі, спрабуюць пернікам»

Перамога ўсіх мужных і неабыякавых людзей. Так назваў Анатоль Лябедзька рашэньне Аляксандра Лукашэнкі прыпыніць дзеяньне Дэкрэту №3, так званага падатку на дармаедзтва. Пры гэтым палітык лічыць, што варта працягваць выходзіць на вуліцы, каб дамагчыся поўнай адмены дэкрэту.

«Гэта вынік вашай мужнасьці і годнасьці. Я бы хацеў павіншаваць усіх людзей, якія выходзілі на вуліцы, дэманструючы, упершыню за многія гады, што ў іх ёсьць годнасьць, самапавага», -- сказаў Свабодзе Анатоль Лябедзька.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі лічыць, што ўлады былі вымушаныя пайсьці на такі крок, паколькі сілавым мэтадам спыніць пратэсты не ўдавалася:

«У Берасьці двойчы выходзілі па трыста чалавек, а калі пачаліся кропкавыя рэпрэсіі, іх выйшла 1500. Гэта не праходзіць. Цяпер улады спрабуюць вырашыць пытаньне праз пернік».

Пра адмену ці моцныя зьмены скандальнага дэкрэту ўжо даўно казалі многія палітыкі і экспэрты. Аднак сёньняшняе рашэньне ўладаў ня моцна паўплывае на заплянаваныя маршы «недармаедаў» у многіх гарадах Беларусі.

«15 сакавіка вялікі марш «недармаедаў» пройдзе ў Менску, – кажа Лябедзька. – Ён не адмяняецца. Пытаньне ня вырашана, яно адкладзена ў доўгую скрыню. Я б раіў людзям і далей быць салідарнымі і працягваць маршы «недармаедаў». Нам трэба дабівацца яснага адказу ад уладаў, што дэкрэт №3 будзе скасаваны. Гэта галоўная задача».

Таксама, па думку палітыка, ад абмеркаваньня Дэкрэту №3 варта пераходзіць і да вырашэньня іншых эканамічных і палітычных пытаньняў:

«Ня трэба задавальняцца кавалкам, які кінула ўлада. А патрэбна дамагацца, каб мы атрымалі якасна іншую сытуацыю. Ня будзе Дэкрэту №3, будзе дэкрэт №4, №5, №6. Трэба мяняць шмат якое заканадаўства, ствараць іншыя мажлівасьці для людзей, даваць ім права выбару. Гэта самае галоўнае».