Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Пол Сэлва заявіў, што Расея разьмясьціла наземныя ракеты ў парушэньне «духу і намеру» Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай дальнасьці, падпісанай яшчэ ў 1987 годзе.
Сэлва пацьвердзіў 8 сакавіка, што Расея разьмясьціла новыя ракеты SSC-8. Паводле яго, гэты крок «нясе пагрозу NATO».
Сэлва паведаміў падчас слуханьняў у Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, што Злучаныя Штаты ўжо выказалі сваю пазыцыю расейскаму боку. Ён, аднак, не сказаў якія варыянты дзеяньняў ЗША разглядаюць, калі дыскусіі з Расеяй не дадуць да вынікаў.
Масква неаднаразова адкідала абвінавачаньні ў парушэньні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай дальнасьці. Крэмль таксама неаднаразова называў патэнцыйным парушэньнем з боку ЗША разьмяшчэньне ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе сыстэмаў супрацьракетнай абароны.