Ва Ўкраіне зарэгістравалі партыю Саакашвілі

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала партыю Міхаіла Саакашвілі «Рух новых сіл». Пра гэта сам былы прэзыдэнт Грузіі і былы губэрнатар Адэскай вобласьці паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Саакашвілі таксама напісаў, што ўжо адкрыты офісы партыі ў Адэсе, Чарнаўцах, Луцку, Дняпры, Віньніцы, Жытоміры, Ужгарадзе, Кіеве і іншых гарадах.

Пра тое, што Саакашвілі стварае ва Ўкраіне новую партыю стала вядома ў лістападзе 2016 года. «Нашай мэтай зьяўляецца зьмена рэжыму ў Украіне і датэрміновыя парлямэнцкія выбары максымальна хутка, у сьціслыя тэрміны», — заявіў тады палітык.

У інтэрвію праекту Радыё Свабода «Настоящее Время» ён патлумачыў: «Я бачу сваю будучыню як актыўны ўдзельнік і каталізатар тых працэсаў, якія прывядуць да дэмакратычных выбараў у Вярхоўную Раду, да зьмены палітычнага клясу, каб прывялі новых людзей, якія зьменяць гэтых барыгаў, якія цяпер сядзяць ва ўладзе».