Эўрапарлямэнт ухваліў стварэньне арміі ЭЗ

Гі Вэрхафстат

Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю пра ўзмацненьне цэнтралізацыі Эўрапейскага зьвязу, стварэньне пасады міністра фінансаў ЭЗ і агульнай эўрапейскай арміі.

Рэзалюцыю прапанаваў экс-прэм’ер Бэльгіі і адказны за перамовы пра брэкзіт Гі Вэрхафстат, перадае BBC. Гэты палітык падтрымлівае фэдэралізацыю ЭЗ у процівагу, як ён кажа, нацыяналістам-пратэкцыяністам.

За рэзалюцыю прагаласавалі 283 эўрадэпутаты, супраць — 269, устрымаліся — 83.

Бэльгійскі палітык лічыць, што ўнутры Эўразьвязу неабходна аддаваць прыярытэт рашэньню большасьці краінаў, не чакаючы ўхваленьня ўсіх чальцоў ЭЗ у тым ці іншым пытаньні. Па сутнасьці, Вэрхафстат прапануе абмежаваць ці нават цалкам ліквідаваць права краін — чальцоў Эўрапейскага зьвязу адмаўляцца ад выкананьня калектыўных рашэньняў.

Гі Вэрхафстат узначальвае лібэральны блёк у Эўрапарлямэнце і лічыцца лідэрам эўрапейскіх фэдэралістаў, якія выступаюць за пашырэньне і ўмацаваньне зьвязу.