Чаму расейцы выказваюцца за візавы рэжым для Беларусі

Удзельнічаюць: Валер Каліноўскі, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Глод: Сёньня Ўсерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі паведаміў вынікі апошняга апытаньня расейцаў наконт іх стаўленьня да Беларусі. Апытаньне выявіла дзьве важныя рэчы. Першая — грамадзяне Расеі лічаць, што Беларусь застаецца іх сябрам, аднак Маскве ня трэба купляць ляяльнасьць суседняй краіны за кошт зьніжаных цэн на нафту і газ. Другая — расейцы выступаюць за ўвядзеньне візавага рэжыму зь Беларусьсю. І гэта новая старонка ў адносінах дзьвюх краін, якія афіцыйна будуюць агульную так званую саюзную дзяржаву.

Традыцыйна стаўленьне да Беларусі ў расейцаў было найлепшае параўнальна зь любой іншай краінай сьвету. Тлумачылася гэта тым, што многія жыхары Расеі лічаць беларусаў адным з сабой народам. У Беларусі, маўляў, больш парадку, там лепшыя дарогі, туды можна езьдзіць без памежнага кантролю, там амаль усе размаўляюць па-расейску, а значыць, і няма моўнага бар’еру. Дый беларусы ставяцца да расейцаў як да старэйшага брата. А іх правадыр Лукашэнка гарой стаіць за Расею.

Аднак вынікі новага апытаньня сьведчаць, што сытуацыя зьмяняецца. 56% рэспандэнтаў ня лічаць патрэбным даваць саюзьнікам зьніжкі на энэргарэсурсы ў абмен на іх ляяльнасьць. Калі казаць канкрэтна пра пастаўкі газу, то супраць продажу Менску блакітнага паліва па заніжаных цэнах выступаюць 60%. А калі яшчэ ўлічваць і завінавачанасьць Беларусі перад «Газпрамам», то доля праціўнікаў таго, каб даваць зьніжкі, узрастае да 69%. А гэта ўжо болей за дзьве траціны.

Раскідвацца грашыма можна было тады, калі ў расейскі бюджэт валіліся велізарныя «нафтавыя» даляры.

Тлумачэньне такім пераменам, мне падаецца, найперш трэба шукаць у фінансавай сфэры. Санкцыі, якія ўвялі супраць Расеі Эўразьвяз і ЗША, паказалі няўстойлівасьць расейскай эканомікі, яе высокую залежнасьць ад заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў. У выніку жыцьцё расейцаў пагаршаецца, грошай яны цяпер зарабляюць меней, а цэны растуць. Зразумела, калі настаў час эканоміі ва ўсім, у многіх людзей узьнікае пытаньне: а чаму мы мусім дапамагаць камусьці, нават той жа Беларусі? Няхай беларусы свае праблемы вырашаюць самастойна. І гэта цалкам лягічна. Раскідвацца грашыма можна было тады, калі ў расейскі бюджэт валіліся велізарныя «нафтавыя» даляры.

Думаю, што гэты працэс падаграваюць і расейскія мэдыі. Апошнім часам тут шмат пішуць пра няякасныя беларускія прадукты, пра тое, як беларусы падманваюць «старэйшага брата», правозячы праз сваю мяжу харчы, якія зробленыя ў краінах Эўразьвязу, але выдаюцца за тавары беларускай вытворчасьці.

Пры апытаньні падкрэсьлівалася, што гэты крок беларускіх уладаў дазваляе замежнікам бесьперашкодна трапляць у Расею.

Падчас апытаньня сацыёлягі паспрабавалі высьветліць стаўленьне расейцаў да ўвядзеньня Беларусьсю бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 дзяржаў. Як я зразумеў, пры апытаньні падкрэсьлівалася, што гэты крок беларускіх уладаў дазваляе замежнікам бесьперашкодна трапляць у Расею. У такіх умовах 78% апытаных выказаліся за ўвядзеньне візавага рэжыму зь Беларусьсю, каб не дапусьціць пранікненьня на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі невядомых людзей.

Кіраўнік дэпартамэнту дасьледаваньняў Усерасейскага Цэнтру дасьледаваньня грамадзкай думкі Сьцяпан Львоў пракамэнтаваў стаўленьне расейцаў да Беларусі так: «Дружба дружбой, а табачок врозь».

Апошнім часам дачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй у выніку розных спрэчак прыкметна пагоршыліся. І, я думаю, вынікі сьвежага апытаньня гэта адлюстроўваюць. А маё пытаньне да вас, калегі, наступнае: як вы думаеце, ці будуць гэтыя тэндэнцыі набіраць моц?

Карбалевіч: Думаю, настроі ў Расеі моцна зьмяніліся пасьля Крыму. Папулярнасьць Беларусі, беларускай сацыяльнай мадэлі і Лукашэнкі пэрсанальна ў Расеі моцна ўпала. Новая палітыка «ўставаньня з калень», імпэрскі рэнэсанс, уздым рэйтынгу Пуціна выцесьнілі з грамадзкай сьвядомасьці беларускі чыньнік.

Наўрад ці расейскі абывацель моцна разьбіраецца, у чым прычыны цяперашняга беларуска-расейскага канфлікту.

І гэта адбываецца на тле той асьцярожнай пакуль антылукашэнкаўскай кампаніі ў расейскіх СМІ. Наўрад ці расейскі абывацель моцна разьбіраецца, у чым прычыны цяперашняга беларуска-расейскага канфлікту. Але ў сьвядомасьці зафіксавалася, што Лукашэнка робіць нешта ня так. Вось, напрыклад, ён крытыкуе Пуціна. А рэйтынг Пуціна ў Расеі — за 80%. Адсюль і такія высновы.

Ды плюс яшчэ эканамічны крызіс у самой Расеі. Маўляў, самім цяжка, а тут яшчэ Беларусь карміць.

Пытаньне было пастаўлена не зусім карэктна. ВЦІОМ — гэта сёньня структура пад дахам уладаў, а не незалежная. Гэта таксама трэба мець на ўвазе. Напрыклад, пра бязьвізавы рэжым — там жа не тлумачылі, што толькі на 5 дзён і г. д. Таму — як пытаньне задаць, такі і адказ можна атрымаць.

Каліноўскі: Расейцаў абурае, што Беларусь ня ўдзельнічае ў іхніх зьнешнепалітычных авантурах. Сёньня Беларусь усё менш падтрымлівае Расею, і тут справа ня толькі ў Аляксандру Лукашэнку, які не падтрымаў вайну на Данбасе і анэксію Крыму. Рэжым Лукашэнкі дрэйфуе ў заходнім кірунку, прэч ад Расеі. Расея становіцца небясьпечным суседам і хаўрусьнікам, да таго ж у цяперашняй эканамічнай сытуацыі Расея ня можа шмат прапанаваць Лукашэнку. Эканамічная сытуацыя ў Расеі пагаршаецца, за ёй падае і эканоміка Беларусі. Заходні вэктар мог бы выратаваць сёньня эканоміку, і Лукашэнка гэта разумее.

Расея як донар беларускай эканомікі сябе вычарпала.

Цяпер практычна штотыднёва паведамляецца пра важныя для Лукашэнкі візыты і праекты, якія маюць на мэце інвэстыцыі і стварэньне працоўных месцаў у Беларусі. Расея як донар беларускай эканомікі сябе вычарпала, яна аказалася ня ў стане нават зьнізіць плату за газ, якая для Беларусі не нашмат меншая, чым у Нямеччыне. Прэфэрэнцыі з боку Расеі зьнікаюць, там гучаць заклікі будаваць саюзы зь Беларусьсю і іншымі сатэлітамі без усялякіх эканамічных прэфэрэнцыяў, на падставе роўнасьці і канкурэнцыі. Але такі саюз, без эканамічных прэфэрэнцыяў, Лукашэнку і Беларусі не патрэбны. Таму, відаць, расейцы і злуюцца. Выявілася, што і галоўны саюзьнік толькі да той пары саюзьнік, пакуль у Расеі ёсьць грошы на такі саюз.

Расейцы не ўспрымаюць украінцаў і беларусаў як асобныя нацыі.

Да таго ж трэба разумець, што расейцы не ўспрымаюць украінцаў і беларусаў як асобныя нацыі. Яны ня хочуць роўных адносінаў. Мары пра імпэрыю ў іх ніколі не зьнікалі і цяпер адрадзіліся. Для іх беларуская мова, беларусізацыя — гэта небясьпека. Гэтая тэма ўсё часьцей пэдалюецца ў расейскіх прапагандысцкіх СМІ, і людзі пачынаюць так думаць.

Я быў вельмі ўражаны расповедам калегі Зьмітра Бартосіка, які наведаў сваіх расейскіх сваякоў. Яны раней любілі Беларусь, прыяжджалі паглядзець беларускія замкі і паспытаць беларускага піва, а цяпер заявілі Зьмітру: «А ніякай Беларусі няма».

Вось асноўная сьветапоглядная база і пад газавай, і пад нафтавай, і пад малочна-мясной вайной Расеі супраць Беларусі, усіх гэтых непаразуменьняў паміж Масквою і Менскам.