На жыхароў «Маяка Менску» складзеныя пратаколы за ўдзел у пікеце

На жыхароў комплексу «Маяк Менску», якія 27 студзеня выйшлі на пікет супраць няякаснага будаўніцтва, былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Агенства БелаПАН паведамляе, што прыкладна праз тыдзень пасьля пікету адной з удзельніц Ірыне Кудзінай патэлефанаваў маёр з Першамайскага ўпраўленьня ўнутраных справаў і «настойліва запатрабаваў зьявіцца для складаньня пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэньне». Пасьля таго, як жанчына адмовілася прыйсьці ў аддзел міліцыі, пратакол ёй накіравалі па пошце. Паводле словаў удзельнікаў, у суд яшчэ нікога зь іх не выклікалі.

Пікет жыхароў «Маяка Менску» супраць няякаснага будаўніцтва пачаўся падчас урачыстага адкрыцьця гандлёвага комплексу «Дана Мол» і доўжыўся больш за гадзіну. Усяго ў пікеце паўдзельнічалі 5 чалавек. Яны трымалі плякаты «Прэч зь Менску ілжэінвэстараў з Сэрбіі!», «Прэч карупцыю ў Першамайскім выканкаме!» і іншыя. Прысутныя на месцы праваахоўнікі пратаколаў не складалі.