Прэзыдэнтам Нямеччыны абраны былы кіраўнік МЗС Франк-Вальтэр Штайнмаер

Новым, 12-м па ліку прэзыдэнтам Нямеччыны ў нядзелю, 12 лютага, абраны 61-гадовы экс-міністар замежных справаў Франк-Вальтэр Штайнмаер.

У падтрымку сацыял-дэмакрата ў Фэдэральным сходзе выказаўся 931 з дэпутатаў Бундэстагу і дэлегатаў зямельных парлямэнтаў, 103 устрымаліся. У галасаваньні прынялі ўдзел 1239 чалавек.

Штайнмаер — адзіны кандыдат ад «вялікай кааліцыі» ў складзе кансэрватыўнага блёку ХДС / ХСС і Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПГ) — атрымаў перамогу ўжо ў першым туры.

Афіцыйна кандыдат, які перамог на выбарах, зьяўляецца прэзыдэнтам з таго моманту, як ён пагадзіўся з вынікамі галасаваньня ў Фэдэральнай сходзе. На 19 сакавіка заплянаваная цырымонія яго інаўгурацыі. Штайнмаер мяняе на пасадзе 77-гадовага Ёахіма Гаўка.

Кіраўнік Бундэстагу Норбэрт Ламэрт, выступаючы на адкрыцьці пасяджэньня Фэдэральнага сходу па абраньні новага прэзыдэнта ФРН, заклікаў памятаць аб неабходнасьці адзінства Эўропы на тле палітыкі, якая праводзіцца амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам і кіраўніком расейскай дзяржавы Ўладзімірам Пуціным.

Па словах Ламэрта, ані Трамп, ані Пуцін не зацікаўлены ў адзінай Эўропе. Таму, адзначыў палітык, неабходна дэманстраваць няўхільны інтарэс да моцнай Эўропы і захаваць яе адзінай.

Ламэрт спыніўся на апошніх дзеяньнях прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і папярэдзіў яго аб небясьпецы курсу, які ставіць сваёй мэтай ізаляцыю. Той, хто патрабуе разьяднанасьці — замест адкрытасьці сьвету і абвяшчае часткай сваёй праграмы лёзунг «Амэрыка — найперш», не павінен зьдзіўляцца, што яму будуць плаціць той самай манэтай, падкрэсьліў Ламэрт.