Беларускамоўная песьня «J:MOРС» «Блізка» — найлепшая песьня на дзяржаўнай прэміі «Ліра» 2016 году

Гурт «J:MOРС» двойчы стаў пераможцам музычнай прэміі «Ліра-2016», атрымаўшы ўзнагароды ў намінацыі «Найлепшы калектыў выканаўцаў» і «Найлепшая песьня».

Перад Калядамі «J:MOРС» выпусьціў кліп на песьню «Блізка». Расказваючы пра яе, лідэр гурту Уладзімер Пугач, які зьяўляецца аўтарам слоў і музыкі, адзначыў, што яна для тых, каму «хочацца спыніцца, аддыхацца і падумаць пра тое, што для яго папраўдзе істотна».

Узнагароджаньне пераможцаў V рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная музычная прэмія ў галіне папулярнай музыкі „Ліра“» адбылося ў Менску 9 лютага, перадае БелТА.

У намінацыі «Найлепшая песьня на беларускай мове» перамагла кампазыцыя «Гісторыя майго жыцьця», зь якой гурт NAVIBAND паедзе ў Кіеў на «Эўрабачаньне».

Судзейская калегія на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам галасавала за пераможцаў у кожнай з намінацый у рэжыме анлайн у канцэртнай залі.

«J:Морс» — адзін з самых папулярных беларускіх рок-гуртоў, існуе з 1999 году. Гурт мае каля дзясятка ўласных альбомаў, сярод іх беларускамоўны «Адлегласьць» (2007), удзельнічаў у шэрагу знакавых супольных праектаў, сярод якіх «Viza» Незалежнай Рэспублікі Мроя (2003) і «Такога няма нідзе» (2009).

«Бязьвізавы» (на яго запрашалі на 11 замежных мовах) рамантычны канцэрт «J:Морс» з праграмай «Блізка» адбудзецца ў Prime Hall 14 лютага.