«Дождь»: Памежная зона на мяжы зь Беларусьсю — крамлёўскі адказ на беларускі бязьвізавы рэжым для ЭЗ і ЗША

Рашэньне расейскага кіраўніцтва стварыць памежную зону на мяжы з Беларусьсю зьвязана з рашэньнем Менску ўвесьці пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян Эўразьвязу і ЗША, паведаміў расейскі тэлеканал «Дождь» са спасылкай на «высокапастаўленую крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі».

«Расея павінна была нешта зрабіць у сувязі з гісторыяй па візах, пакуль прыдумалі так», — цытуе «Дождь» суразмоўцу з Крамля. Паводле яго, з адносінамі Менску і Масквы «усё будзе добра». Суразмоўца таксама выказаў сумнеў, што Беларусь можа выйсьці з Эўразійскага эканамічнага саюзу і з Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Раней пра такую магчымасьць паведаміла расейскае агенцтва Regnum са спасылкай на неназваную крыніцу.