Пазбавіцца ад Гандурасу

Алег Дашкевіч

На прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце заявілі, што допінгавая справа беларускіх весьляроў канчаткова лопнула.

Спартовы арбітражны суд у Лазане, зьняў абвінавачаньне з нашых спартоўцаў.

Добрая навіна, але запозьненая. Як вядома, Алімпіяда ў Рыё прайшла без удзелу чальцоў мужчынскай зборнай у веславаньні на каноэ, якія рэальна прэтэндавалі на алімпійскія мэдалі.

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў веславаньні на байдарках і каноэ Ўладзімер Шантаровіч акрэсьліў, на ягоную думку, сапраўдныя матывы гадавой дыскваліфікацыі зборнай Беларусі, адмененай Міжнародным арбітражным судом:

«Мы ж цяпер можам прасачыць і разабрацца, каму былі патрэбныя нашы ліцэнзіі. Вы падумайце, чаму яны не зьвярнуліся да жаночай каманды? Трэнэр (у якога знайшлі мілдранат) быў трэнэрам жаночай каманды.

Ды таму, што ў жаночым разрадзе ўвесь сьвет быў ужо разабраны па ліцэнзіях. Нікому больш нашы ліцэнзіі былі непатрэбныя. А вось у мужчын — наадварот, у немцаў не было важных ліцэнзій, у італьянцаў не было. Нават у бразыльцаў, для масавасьці, не было ліцэнзій.

І вось папаўненьне іх засекаў нашымі ліцэнзіямі рэжысавалі нейкія людзі. Вось і ўся падаплёка канфлікту.

Гэта была змова! За гэтае злачынства яны павінны адказаць.

Яны, мабыць, думалі, што Беларусь — гэта Гандурас. Што мы гэта ўсё праглынем, прамаўчым, утрэмся, і ўсё будзе нармальна».

Тое, пра што так экспрэсіўна казаў трэнэр весьляроў, мае сваю лёгіку.

Увесь алімпійскі цыкль, чатыры гады, трэба ўдзельнічаць у розных турнірах і спаборніцтвах, змагаючыся за заліковыя балы дзеля здабыцьця тых алімпійскіх ліцэнзій. Паклаўшы вагон эмоцый і здароўя, усё дзеля таго, каб выйсьці на галоўны старт Алімпіяды, для кагосьці са спартоўцаў, можа быць, адзіны ў жыцьці. Нарэшце, здабыць гэтыя важныя алімпійскія ліцэнзіі, апярэдзіўшы каманды больш пасьпяховых краін, бізнэсовыя карпарацыі якіх, магчыма, зьяўляюцца спонсарамі міжнароднай фэдэрацыі веславаньня, якія, у сваю чаргу, зьвязаныя рэклямнымі дамовамі найперш са сваімі камандамі і менавіта свае каманды прагнуць бачыць на галоўным старце чатырохгодзьдзя.

Алімпіяда даўно вялікі бізнэс, а ў вялікім бізнэсе прынцыпы алімпійскай хартыі працуюць не заўжды.

Ясна, што з дапамогай абвінавачаньня беларускіх канаістаў у злоўжываньнем допінгу і распачатай з гэтай нагоды справы нашыя весьляры аўтаматычна пазбаўляліся здабытых потам і крывёй ліцэнзій і, разам з тым, удзелу ў Алімпіядзе. А іхныя ліцэнзіі пераходзілі да тых камандаў, якія стаялі сьледам за беларусамі паводле колькасьці набраных балаў па суме перадалімпійскіх адборачных стартаў. Відаць, да камандаў тых краін, якія так эмацыйна ў сваёй прамове называў Уладзімер Шантаровіч.

Спакуса гэткім махлярскім спосабам перадзяліць ліцэнзіі на ўдзел у Алімпіядзе існавала й існуе. І не адно ў веславаньні. Таму такімі яраснымі былі словы Шантаровіча пра выкрыцьцё магчымай змовы й пакараньне вінаватых у беспадстаўным абвінавачаньні нашых спартоўцаў.

Шчыра кажучы, крытычны ровень эмоцый галоўнага трэнэра можна зразумець.

Але мяне больш зачапіла ягонае параўнаньне Беларусі і Гандурасу.

Калі прыняць вэрсію Шантаровіча як праўдзівую, то ўзьнікае пытаньне, чаму закулісныя рэжысэры выбралі менавіта беларускую каманду і чаму тое, што адбылося, сталася магчымым увогуле?

Ды таму, што Беларусь на эўрапейскім кантынэнце мае той самы імідж, што Гандурас на амэрыканскім.

Яшчэ трошкі й наша краіна набудзе такое самае імя назыўное, як той Гандурас.

Прычына — непавага ўлады да ўласнае Канстытуцыі, да правоў чалавека, да эканамічных законаў, і да закону ў прынцыпе.

Ясна, што шаноўны трэнэр жыве спортам і баліць яму востра за сваю справу. Бо нахабна парушаюцца законы спартовага адбору, што наўпрост крэсьліць крыжы на кар'ерах беларускіх весьляроў і іх трэнэраў. Але ён, напэўна ж, таксама й грамадзянін сваёй краіны, і мусіць хоць трошкі пільнаваць і адсочваць тое, што адбываецца не адно ў спартовым веславаньні, але й навокал. Калі б ён зірнуў вакол, то пэўна б убачыў і згадаў, што ягоная дзяржава мае вялікія хібы ў пабудове нармальнай цывілізацыйнай мадэлі разьвіцьця.

Што закон аб дармаедах — папросту зьдзек са сваіх грамадзянаў.

Што дагэтуль, на працягу шаснаццаці-сямнаццаці гадоў, няма ніякай яснасьці ў справе зьніклых беларускіх апазыцыйных палітыкаў.

Што беларускі бізнэс вымушана працуе ў шэрым заканадаўстве, дзе ў цябе могуць без дай прычыны адабраць усё й кінуць на нары.

Дзе на пацешныя хакейныя турніры з удзелам прэзыдэнцкай каманды выкідаюцца грошы, на якія можна правесьці зь дзясятак дзіцячых спартовых турніраў.

Дзе пасьля любога маламальскага пратэсту ад невыноснага жыцьця ты апынаесься ў судзе, дзе міліцыянты са шклянымі вачыма чытаюць пад капірку напісаныя паказаньні, паводле якіх глуханямыя гучна крыюць матам, а бязрукія размахваюць рукамі.

Прыкладаў такіх у нас хапае.

Апошні выпадак — са Зьмітром Дашкевічам, у якога судовыя выканаўцы забралі аўтамабіль за штрафы, якія ён выплочваў.

Штрафы, між іншым, не за п’яныя бойкі, не за хамскія паводзіны, а за грамадзянскую дзейнасьць. За тое, каб Беларусь не была тым назыўным Гандурасам, хоць і эўрапейскім.

І вырак Спартовага арбітражнага суду на карысьць беларускай каманды канаістаў ёсьць магчымым і станоўчым для нас толькі таму, што ўся ягоная сыстэма палягае ў цывілізацыйным рэчышчы.

Калі б уявіць, што разьбіральніцтва ў справе нашых весьляроў праходзіла паводле палітычнай ды дзяржаўнай мадэлі, пабудаванай у Беларусі, то як вы думаеце, вырак быў бы якім?

Правільна — гандураскім.

І пра гэта беларускім трэнэрам, спартоўцам і функцыянэрам таксама трэба думаць, перад тым, як згадваць у сваіх прамовах Гандурас.

Я цешуся ад таго, што закон у справе нашых весьляроў усё ж такі перамог.

Мне прыкра, што перамог ён пасьля таго, як мінула Алімпіяда ў Рыё, дзе нашых канаістаў не было.

Я ня ведаю, ці будуць рэцыдывы такога стаўленьня да беларускіх спартоўцаў у іншых відах спорту.

Але мне здаецца, што чым болей празрыста будзе ў нашым уласным доме, у нашым грамадзтве, тым больш празрыстае й станоўчае стаўленьне будзе й да нашага спорту ў цэлым.

І імя назыўное — Гандурас — ні ў нэгатыўным, ні мэтафарычным сэнсе папросту ніяк ня будзе згадвацца й асацыявацца ў дачыненьні да нашае краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.