Беларускія мытнікі канфіскавалі 90 тысяч пачкаў масла з Чэхіі

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з кантрабандай Віцебскай мытні канфіскавалі 90 тысяч пачак сьметанковага масла з Чэхіі. Як паведамляе мытня, тавар накіроўваўся з Чэхіі праз аўтамабільны пункт пропуску «Рыгораўшчына» на мяжы з Латвіяй.

Кіроўца прадаставіў да афармленьня дакумэнты на партыю масла, у якіх была паказаная цана тавару — 50 тыс. даляраў ЗША. Аднак пасьля вывучэньня дакумэнтаў на дадзены тавар, прадастаўленых мытным органам Чэхіі, устаноўлена, што яго рэальны кошт — 85 тыс. даляраў ЗША. Такім чынам, недабор мытных плацяжоў склаў бы больш за 18 тыс. беларускіх рублёў.

У адпаведнасьці з заканадаўствам 18 тон сьметанковага масла канфіскавана. За спробу ўхіленьня ад выплаты мытных плацяжоў пры перамяшчэньні тавару праз мяжу Эўразійскага эканамічнага зьвязу Віцебская мытня пачала адміністрацыйны працэс.