Трамп і Пуцін размаўлялі 40 хвілін ФОТА

A combo photo of US President-elect Donald Trump (L) and Russian President Vladimir Putin

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуцінам. Раней аб плянаванай размове паведаміў прэс-сакратар Белага дому Джон Спайсэр.

Вынікаў гутаркі з асаблівай цікавасьцю чакаюць у Маскве і эўрапейскіх краінах, бо некалькімі днямі раней распаўсюджваліся здагадкі пра магчымую адмену амэрыканскіх санкцыяў супраць Расеі.

У пятніцу, на сумеснай прэс-канфэрэнцыі Дональда Трампа і брытанскага прэм’ер-міністра Тэрэзы Мэй, прэзыдэнт ЗША заявіў, што аб скасаваньні санкцыяў супраць Расеі «гаварыць пакуль зарана». Аднак пазьней, размаўляючы з журналістамі, Трамп зрабіў заяву, якая пакідае месца для здагадак, што пазыцыя Вашынгтона можа зьмяніцца. Прэзыдэнт ЗША літаральна сказаў (цытата): «Мы паглядзім як пойдуць справы».

Адначасова, 27 студзеня, зьвярнула на сябе ўвагу заява Кэліэн Конуэй, дарадцы Трампа, пра тое, што ў Белым доме разглядаюць пытаньне аб зьняцьці санкцый.

Паведамляецца, што перад размовай з Пуцінам, Трамп размаўляў з прэм'ер-міністрам Японіі Сіндзо Абэ і канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель.