У Зьмітра Дашкевіча хочуць адабраць правы кіроўцы

Зьміцер Дашкевіч

Маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч атрымаў позву зьявіцца ў ДАІ Першамайскага раёну Менску 30 студзеня ў справе адабраньня ў яго прыватнага аўтамабіля.

25 студзеня судовыя выканаўцы забралі аўтамабіль Зьмітра Дашкевіча за нявыплачаныя штрафы, прысуджаныя за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. І нібыта падчас адбіраньня аўтамабіля актывіст учыніў дарожна-транспартнае здарэньне, наехаўшы на нагу судовай выканаўцы Людміле Клызе.

Your browser doesn’t support HTML5

У Зьмітра Дашкевіча забралі аўтамабіль за штрафы

У інтэрвію Свабодзе Зьміцер Дашкевіч назваў працяг інцыдэнту новымі захадамі незаконнага ціску:

«Мая думка такая, што гэтыя людзі, якія кідаліся пад машыну, ня маючы юрыдычных падстаў спыняць яе, класьціся на капот і кідацца пад колы, яны правакавалі дарожна-транспартнае здарэньне. Дзякаваць Богу, што нічога сур’ёзнага ня здарылася, мэдыкі канстатавалі ў гэтай спадарыні ўдар і яна працягвае хадзіць на працу. Юрыдычна я расцэньваю гэтую сытуацыю як бандытызм: людзі не паказваюць пасьведчаньняў, дакумэнтаў, не тлумачаць прычыну сваіх дзеяньняў і пры гэтым прэтэндуюць на маю маёмасьць. Тут лягічным ёсьць пытаньне: магу я ў такой сытуацыі абараняць сваю маёмасьць і сваё жыцьцё? Да мяне ніхто папярэдне не зьвяртаўся, не паказваў належных дакумэнтаў і не тлумачыў сваіх дзеяньняў. Як гэта будзе перакваліфікавана міліцэйскімі чыноўнікамі, невядома. Але ад нашых ілжывых сілавых структураў, якія пішуць ілжывыя пратаколы, даюць ілжывыя паказаньні, чакаць справядлівасьці і законнасьці не выпадае».

Камэнтар судовай выканаўцы Людмілы Клыгі або яе начальніцы аддзелу Алены Ждановіч пакуль узяць не ўдалося, яны не адказваюць на тэлефанаваньні.