На беларускамоўную песьню замежнікі ўжо запісваюць кавэры. Інтэрвію з Naviband, што прадставіць Беларусь на Эўравізіі

Пераможцы беларускага адбору на Эўрабачаньне 2017. Гурт Navi. Эўравізія, Navi band, Ксенія Жук, Арцём Лук'яненка

Упершыню ў гісторыі на Эўравізіі прагучыць песьня на беларускай мове. Учора ўначы гурт Naviband перамог у нацыянальным адборы на Эўравізію. Пра тое, чым беларуская мова прыцягвае эўрапейскую публіку, Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук распавялі ў інтэрвію Свабодзе

— Ці вы разьлічвалі на перамогу?

Арцём: Зразумела, калі мы пайшлі ў адбор, мы вельмі хацелі перамагчы. Цяпер я магу сказаць, што мы гэта заслужылі. Год быў у нас такі актыўны, шмат працавалі, пісалі песьні. Гэта быў такі падарунак нам.

Усё ж я, можна сказаць, чакаў. Таму што нашая песьня адрозьніваецца ад усіх канкурсантаў па стылістыцы, падачы і, напэўна, па натуральнасьці.

Ксенія: Я вельмі старалася ня думаць, які будзе фінал, таму што гэта вельмі замінае. Калі ты стаіш на сцэне і думаеш пра перамогу, гэта ўсё так замінае сьпяваць.

Арцём: Цудоўна адцягваў увагу той факт, што ў нас выйшаў новы альбом. Нас натхніла, што ён спадабаўся людзям. І падрыхтоўка прайшла так незаўважна. Мы выйшлі на сцэну і кайфанулі.

Ксенія: Нібыта гэта быў наш канцэрт.

— Ці ня кожны год вакол Эўравізіі былі скандалы, розныя ўмовы падліку, купленыя галасы гледачоў. Вас гэта не палохала?

Арцём: Мы вырашылі ўдзельнічаць. І бачыце самі. Дзякуй богу, што мы не паехалі ў мінулым годзе. Мы былі непадрыхтаванымі. Цяпер прайшоў год, мы больш упэўненыя ў нашых песьнях, у нашых вобразах. У нашых пачуцьцях. Гэта сапраўды ўсё натуральна. І бачыце, усё справядліва. Журы паставіла нам 12 балаў, за што ім кажам вялікі дзякуй. І ўпершыню беларуская мова загучыць на гэтым конкурсе. Для нас гэта вялікі гонар.

— Песьню пісалі адмыслова пад Эўравізію?

Арцём: Песьню мы пісалі для альбому. Я натхніўся, напісаў, калі мы прыехалі з фэстывалю Lollapalooza у Бэрліне. Дзе моладзь вельмі адкрытая. Яна падтрымлівае сваіх сьпевакоў. Мы бачылі, як стотысячны натоўп падтрымлівае выканаўцу, якога мы нават ня ведалі. На памяць сьпявалі песьні.

Мяне гэта вельмі натхніла. І атрымалася такая лёгкая, адкрытая пазытыўная песьня, якую могуць сьпяваць усе.​

— Ці беларуская мова дапамагла ў адборы?

Ксенія: Можа, мы ня ведаем. На ангельскай мове мы не сьпяваем. Навошта нам гэта рабіць, калі ў жыцьці мы не выкарыстоўваем ангельскую мову.

Арцём: Але ў песьні ёсьць шмат месцаў, дзе слухач з Эўропы зможа засьпяваць, пакрычаць «Хэй», патанчыць. Таму я ўпэўнены, ня будзе праблемы.

Ксенія: Мы ўжо нават кавэры бачылі. На беларускай мове спрабуюць сьпяваць.

Арцём: Ужо сёньня нам з Грэцыі адзін хлопец даслаў свой кавэр. Ён зрабіў трансьліт і па-беларуску спрабаваў сьпяваць. Нам вельмі прыемна.

— Але песьню вы ня будзеце перакладаць?

Арцём: Не, гэта прынцыпова для нас. Мы хочам засьпяваць па-беларуску. Для нас гэта важна. Ісьці на іншыя ўмовы мы ня хочам, і песьню зьмяняць ня будзем. Нам шмат пішуць зь іншых краінаў Эўропы, што гэта цікавае, самабытнае, адметнае, таму не перакладайце песьню. Мілагучная мова, трэба яе паказаць.

Ксенія: Мы ведаем, што перад фіналам эўрапейскія гледачы таксама галасавалі. І многія краіны паставілі нам высокі бал. Па падліку вызначылася, што мы першыя. Шмат эўрапейскіх краінаў — яны за беларускую мову. Яны кажуць, што гэта класна, што такая прыгожая, такая мілагучная мова. Я спадзяюся, гэта будзе сапраўды цікава ўбачыць Эўропе.

— А для чаго ўдзел у Эўравізіі?

Арцём: Гэта вопыт, неверагодны вопыт. Па-першае, гэта будзе праходзіць у Кіеве. Для нас гэта неверагодна крута. Разумеем, што шмат людзей прыедзе нас падтрымаць. Шмат украінцаў зразумеюць, пра што мы будзем сьпяваць. Гэта будзе неверагодная падтрымка і новая геаграфія для нашага гурту.

— Большасьць беларускіх фіналістаў пасьля выступу на Эўравізіі запаміналіся адной гэтай песьняй. Не баіцеся такога самага лёсу?

Арцём: Нездарма ў дзень фіналу мы выклалі наш новы альбом. Мы паказваем, што ў нас ёсьць песьні, мы граем, мы сьпяваем. І ў нас ёсьць аўдыторыя і публіка. І Эўравізія — ня мэта нашага гурту. Нашая мэта і місія — большыя.

Ксенія: Гэта проста цікавы вопыт. Праўда. Можа, хтосьці думае, што мы марылі кожны дзень, каб паехаць на Эўравізію. Гэта проста іншая гісторыя для нас.

Арцём: Але для нас гэта вялікі гонар прадставіць нашую краіну на гэтым конкурсе, засьпяваўшы па-беларуску, на роднай мове. Гэта неверагодна.

— Вы таксама былі ў нацыянальных строях. Таксама будзеце падчас фіналу Эўравізіі выступаць у іх?

Арцём: Мы, мабыць, будзем у крыху іншых вобразах. Але мы абавязкова падкрэсьлім адметнасьць нашых калярытных арнамэнтаў.