Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Эўравізіі-2017» Беларусь прадставіць беларускамоўны гурт Naviband


Naviband

На міжнародным конкурсе песні «Эўравізія-2017», які сёлета пройдзе ў Кіеве, Беларусь прадставіць група Naviband.

Увечары 20 студзеня ў Менску адбыўся фінал Нацыянальнага адборачнага туру конкурсу. З 13 прэтэндэнтаў шляхам галасаваньня тэлегледачоў і прафэсійнага журы пераможцам стаў гурт Naviband. Іх беларускамоўная кампазыцыя «Гісторыя майго жыцця» набрала максымальную колькасць балаў па выніках рашэньня журы і галасаваньня гледачоў.

Паводле традыцыі, пераможца атрымаў спэцыяльную ўзнагароду — стылізаванае «эўравізійнае» крыштальнае сэрца ад заводу «Нёман».

Група Naviband у складзе Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук зьявілася ў 2014 годзе і выконвае, у асноўным, беларускамоўныя песьні. У адборачным туры на «Эўравізію» яны ўдзельнічаюць другі раз. У дзень фіналу нацыянальнага адборачнага туру конкурсу, 20 студзеня, яны выпусьцілі свой трэці альбом пад назвай «Ілюмінацыя».

Усяго на ўдзел у нацыянальным адборачным туры конкурсу паступіла 67 заявак. Сярод удзельнікаў былі як сольныя выканаўцы, так і калектывы, прычым ня толькі зь Беларусі, але і з Расеі, Украіны, Туркмэністану, Латвіі і Нігерыі.

У склад журы нацыянальнага адбору ўвайшлі: музыкант, заслужаны артыст БССР, удзельнік ВІА «Песьняры», саліст ансамблю «Беларускія песьняры» Валеры Дайнека (старшыня журы); намесьнік галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканалу «Беларусь 1» Вольга Саламаха; кіраўнік радыёстанцыі «Радыус FM» Алена Трашчынская; галоўны рэдактар тэлеканалу «Белмуз ТВ» Аляксандар Капёнкін; прадзюсэр, тэлевядучы, дырэктар радыёстанцыі «Новае радыё» Уладзімер Богдан; сьпявачка, пэдагог па вакале Людміла Куц; галоўны спэцыяліст аддзелу канцэртна-фэстывальных праектаў упраўленьня мастацтваў Міністэрства культуры Іна Мардусевіч.

Права на правядзеньне конкурсу ў Кіеве заваявала ўкраінская сьпявачка Джамала, якая стала пераможцай 61-га міжнароднага конкурсу песьні «Эўравізія-2016», які праходзіў летась у Стакгольме.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG