Dream Team: тры культуры, трое віртуозаў, адна музыка

Польскі джазавы піяніст Лешак Можджэр, швэдзкі басіст Ларс Данельсан, ізраільскі пэркусіст Зогар Фрэска

У Польшчы ёсьць знакаміты джазавы піяніст Лешак Можджэр (Leszek Możdżer, нар. 1971). Пачынаючы ад 1994 году, ён выдаў тузін сольных альбомаў са сваімі апрацоўкамі клясычнай, папулярнай і джазавай музыкі.

Ягоныя альбомы «Piano» (2004), «Kaczmarek by Możdżer» (2010) і «Komeda» (2011) дасягнулі статусу «плятынавага дыску» (у Польшчы гэты статус надаюць музычным альбомам, якія прадаліся ў колькасьці ня меншай за 30 тысяч асобнікаў).

Можджэр таксама любіць супрацоўнічаць і запісваць альбомы зь іншымі музыкамі, як у Польшчы, так і за мяжою. На ягоным рахунку цяпер каля двух тузінаў такіх альбомаў. Прыкладам, ён падыгрываў Дэйвіду Гілмару на альбоме «On an Island» (2006). На мой густ, вяршыня калектыўнага музыкаваньня Лешака Можджэра — тры альбомы, запісаныя разам са швэдзкім басістам Ларсам Данельсанам (Lars Danielsson, нар. 1958) і ізраільскім пэркусістам Зогарам Фрэскам (Zohar Fresco, нар. 1969).

Можджэр сустрэўся з Данельсанам, якія грае на кантрабасе, бас-гітары і віялянчэлі, падчас супольнага канцэрту пад адкрытым небам у Варшаве. «Пасьля некалькіх хвілінаў я ўжо ведаў, што вось з гэтым басістам мне хочацца граць. „Ларс, мне выдатна гралася, я хацеў бы пайграць з табою яшчэ“. Ён адказаў: „Of course!“», — распавёў Можджэр польскім журналістам.

На сустрэчу з Фрэскам Можджэр паехаў у Ізраіль. «Я прыехаў, мы дамовіліся на рэпэтыцыю. Ён узяў дарбуку, я сеў за раяль, мы хвілінку пайгралі. Я зачыніў века і запытаўся, ці поблізу ёсьць нейкі мілы рэстаран, бо насамрэч нам няма сэнсу рэпэтыраваць», — сказаў Можджэр.

Укамплектаванае такім чынам трыё Можджэр назваў нефармальна Leszek Możdżer Dream Team. «The Time», першы альбом гэтага трыё, якое атрымала фармальную назву «Mozdzer Danielsson Fresco», зьявіўся ў 2004 годзе на лэйблу канадзкай кампаніі гуказапісу Outside Music. Вось кампазыцыя Лешака Можджэра «Incognitor» з гэтага альбому:

Рафінаванасьць выкананьня, віртуознасьць музыкаў, свабода імправізацыі і мэлядычнасьць кампазыцый — найбольш распазнавальныя рысы музыкі Можджэра, Данельсана і Фрэска. Яшчэ адна прыгажосьць з гэтага альбому, кампазыцыя Данельсана «Suffering»:

У 2006 годзе трыё «Mozdzer Danielsson Fresco» выдала альбом «Between Us and the Light» (Outside Music), а ў 2013 — «Polska» (ACT). Абодва запісы, неўзабаве пасьля выданьня, атрымалі ў Польшчы статус «падвойнага плятынавага дыску». Вось канцэртнае выкананьне дзьвюх кампазыцый з альбому «Between Us and the Light» — «Eden» (Данельсан) і «Pub 700» (Можджэр):

І на заканчэньне кампазыцыя «Pasadoble» з аднайменнага дыску, які Данельсан з Можджэрам запісалі бяз Фрэска ў 2007. Музыка і музыканты, вартыя 21-га стагодзьдзя: