У ЗША пачаліся акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Дональда Трампа

Архіўнае фота. Дэманстрацыя супраць абраньня прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа ў Нью-Ёрку, 12 лістапада 2016 году

У Злучаных Штатах актывісты руху за грамадзянскія правы пачалі тыдзень пратэстаў супраць інаўгурацыі абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Мітынгі будуць працягвацца да 20 студзеня.

У суботу некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Вашынгтона, каб выказаць нязгоду з будучай палітыкай Трампа і яго выказваньнямі пра жанчын, сацыяльныя меншасьці і іншаземцаў.

Пратэстоўцы на чале з лідэрам руху «Нацыянальнае дзеяньне» Альфрэдам Шарптанам прайшлі маршам па Нацыянальнай алеі ад прыступак Капітолія ў бок мэмарыяла Марціна Лютэра Кінга. Сярод патрабаваньняў актывістаў — не дапусьціць, каб новая адміністрацыя адмовілася ад рэформаў у галіне выбарчага права, аховы здароўя і крымінальнага права, а таксама не рабіла больш жорсткімі меры супраць імігранцкай супольнасьці.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп, акрамя іншага, паабяцаў пабудаваць сьцяну ўздоўж мяжы з Мэксыкай і адмяніць рэформу аховы здароўя адміністрацыі тагачаснага прэзыдэнта Барака Абамы, якая прадугледжвае абавязковае мэдыцынскае страхаваньне для ўсіх грамадзян ЗША.