У Слуцку зьбіраюць подпісы за ўсталяваньне помніка Слуцкім паўстанцам

14 студзеня, нягледзячы на сьнежнае надвор’е, каля гандлёвага комплексу «Маяк», што месьціцца ў цэнтры Слуцку, было людна. Сябры руху «За Свабоду» і сябры ініцыятыўнай групы «Дзея» зьбіралі подпісы пад калектыўным зваротам у Слуцкі райвыканкам за ўсталяваньне помніка ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну. Іншыя актывісты руху зьбіралі подпісы, абыходзячы кватэры гараджан і раздаючы памяткі з інфармацыяй пра Слуцкае паўстаньне.

«Мы паставілі перад сабой задачу да канца студзеня сабраць больш за 1000 подпісаў пад калектыўным зваротам па праблеме ўсталяваньня помніка Слуцкім паўстанцам, якія пасьля перададзім у Слуцкі райвыканкам», — распавёў Алесь Лагвінец, сябра рады руху.

Алесь Лагвінец зьбірае подпісы.

Ініцыятарка збору подпісаў, актывістка руху, жыхарка Слуцку Аліна Нагорная праінфармавала, што збор подпісаў на паперы вядзецца паралельна з электронным. На сёньняшні дзень электронную пэтыцыю падпісалі больш за 200 чалавек.

За адзін дзень у Слуцку сабралі 500 подпісаў

Слуцкае ўзброенае паўстаньне за аднаўленьне незалежнасьці БНР пачалося ў 1920 годзе. У часе яго Случчына была абвешчана тэрыторыяй БНР. Пасьля шэрагу баёў паўстаньне было здушанае Чырвонай Арміяй.