Дэпутацкая прымальня Канапацкай адчыняе дзьверы

Депутат Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Ганна Канапацкая

15 студзеня пачынае працу тэматычная прымальня дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Ганны Канапацкай і прыхільнікаў пераменаў. Пра гэта Свабодзе паведаміла Ганна Красуліна — прэсавы сакратар Аб'яднанай грамадзянскай партыі, да якой належыць і спадарыня Канапацкая:

«Гэта новая пляцоўка для сумеснай працы па актуальных пытаньнях каманды Ганны Канапацкай, грамадзкіх ініцыятываў, грамадзянаў, структураў дзяржаўнай улады, экспэртнай супольнасьці, журналістаў.

15 студзеня ў парадку дня — экалягічныя пытаньні: праблема ўшчыльненьняў, шкодныя вытворчасьці, альтэрнатыўная энэргетыка, утылізацыя сьмецьця, чыстая вада ды іншыя.

Па выніках кожнага прыёму будзе распрацаваны плян дзеяньняў, у рэалізацыю якога будзе ўлучаны і той, хто прыйшоў, прыехаў, прапанаваў!

Што гэта можа быць? Магчыма, гэта стварэньне групы (групаў) падрыхтоўкі законапраектаў. Або дэпутацкі запыт. Або аналітычная запіска ў органы ўлады. Гэта можа быць таксама круглы стол або слуханьні з прыцягненьнем розных арганізацыяў, структураў, органаў улады.

15 студзеня на сустрэчу прыйдуць Ганна Канапацкая і яе памочнікі. Да нас далучацца некалькі экспэртаў у пытаньнях экалёгіі. Мы разьлічваем на тое, што адгукнуцца спэцыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў.

Першы прыём дэпутацкай тэматычнай прымальні пройдзе пад адрасам: Менск, вуліца Веры Харужай, 22-1701 (17 паверх) з 11:00 да 14:30.

Прымальня будзе мабільнай — гэта значыць яе адрас можа мяняцца, прыём можа праходзіць у розных месцах залежна ад тэмы».