Гарадзенскага актывіста будуць судзіць за непадпарадкаваньне судоваму выканаўцу

Сяргей Верамеенка

Суд над Сяргеем Верамеенкам, актывістам БХД, меўся адбыцца ўжо сёньня, але падсудны напісаў скаргу на ўчастковага, які склаў на яго пратакол. Суд перанесены на заўтра.

Паводле Верамеенкі, да яго раніцай патэлефанаваў участковы міліцыянт і запрасіў у пастарунак, маўляў, на яго складзены пратакол за непадпарадкаваньне патрабаваньням судовага выканаўцы. А калі ён зьявіўся ва ўчастак, яго адразу павезьлі ў суд.

— Я ўжо ў дарозе пачаў пісаць скаргу на ўчастковага, які склаў такі пратакол, паколькі ўсе абвінавачаньні ў мой адрас ня маюць ніякіх падстаў.

У сьнежні да Верамеенкі наведаўся судовы выканаўца з тым, каб апісаць маёмасьць за тое, што ён ня выплаціў штраф за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Паводле Верамеенкі, ён патлумачыў судоваму выканаўцу, што аспрэчвае рашэньне суду ў вышэйшай судовай інстанцыі, аднак той настойваў на сваім і выклікаў міліцыянтаў.

— Я і амапаўцам, якія зьявіліся на выклік, паказаў паперы і патлумачыў, што аспрэчваю рашэньне суду, а паводле заканадаўства, на гэты пэрыяд часу ніякага вопісу маёй маёмасьці ня можа весьціся. Яны пагадзіліся і пайшлі, ня сталі мяне нават забіраць. А вось судовы выканаўца працягваў паказваць свой характар.

Паводле Верамеенкі, судовы выканаўца скардзіцца на тое, што яго не пускалі ў кватэру, але Сяргей кажа, што нават амапаўцы разам зь ім знаходзіліся ў кватэры і спрабавалі залагодзіць канфлікт.

— Цяпер, як ні дзіўна, усе мае спадзяваньні на праўдзівыя сьведчаньні тых амапаўцаў, што прыходзілі на выклік. Яны былі сьведкамі таго, што судовы выканаўца яўна перавышаў свае паўнамоцтвы.

Суд над Верамеенкам адбудзецца 10 студзеня ў Ленінскім судзе Горадні.