У Барысаве двух газавікоў абвінавацілі ў сьмерці шасьці чалавек. Жанчыну, якая выжыла, пазбавілі статусу пацярпелай

Фота з кватэры загінулых ад газу ў Барысаве

У судзе Барысаўскага раёну 5 сьнежня пачынаецца разгляд справы супраць двух сьлесараў «Барысаўгазу». Іх абвінавачваюць у прычыненьні сьмерці празь неасьцярожнасьць — 27 студзеня 2016 году ад працёку газу загінулі 6 чалавек, у тым ліку непаўналетнія 10 і 17 год.

Жыхарка дому, дзе працёк газ, заяўляла Свабодзе, што ёй шматкроць адмаўлялі ў дапамозе: «Санстанцыя, газавыя, тры разы хуткая, шэсьць разоў ЖЭС — ніхто не прызнаваў, што газ».

Празь некалькі дзён пасьля здарэньня жанчына легла ў лякарню з атручэньнем «невядомым рэчывам» (яна падазравала, што адбыўся працёк прыроднага газу, а газавікі казалі пра чадны газ). Але, як цяпер яна кажа Свабодзе, сьледзтва не прызнала яе пацярпелай — на суд яна пойдзе ў статусе сьведкі.

У канцы 2016 году ў перадачы «Трэба разабрацца» на тэлеканале АНТ пра гэтае здарэньне згадваў старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч. Ён заявіў, што ў краіне адсутнічае адзіны дзяржаўны орган, адказны за газавую бясьпеку грамадзянаў, таму камісіі па надзвычайных сытуацыях пры Савеце міністраў даручана распрацаваць дакумэнты па стварэньні дзяржаўнага газавага нагляду.