У Беларусі ўпершыню будуць судзіць за падробку новых грошай

Беларускія банкноты

Пінскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту скончыў расьсьледаваць крымінальную справу ў дачыненьні да 20-гадовага мясцовага жыхара, які абвінавачваецца ў вырабе, захоўваньні і збыце падробленай нацыянальнай валюты.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці Марына Дранькова, падробленыя дэнамінаваныя беларускія рублі жыхар Пінску пачаў вырабляць на шматфункцыянальнай прыладзе шляхам струйнага каляровага друку.

Спачатку дзьве фальшывыя 20-рублёўкі збыў падлеткам. Тыя павінны былі купіць сабе што-небудзь у кіёсках, а рэшту аддаць яму.

Затым стаў ксэракапіяваць пяцірублёвыя купюры, шэсьць пасьпеў збыць.

Затрымалі яго 16 жніўня ў Пінску пасьля разьліку фальшывымі грашыма за сельгаспрадукцыю з пэнсіянэркай, якая гандлявала на вуліцы паблізу крам. Падробленай купюрай расплаціўся 15-гадовы зводны брат абвінавачанага.

Раней 20-гадовага хлопца двойчы прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці за крадзяжы маёмасьці.