«Мы, людзі ў пагонах». 5 цытат Лукашэнкі з навагодняга звароту

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка традыцыйна павіншаваў беларусаў з Новым годам. Свабода выбрала 5 найбольш цікавых цытат Лукашэнкі са сьвяточнай прамовы.

1. «Мы сталі закладнікамі»

Кажучы пра эканамічныя праблемы, Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што яны былі выкліканыя крызісам у «нашых традыцыйных эканамічных партнэраў».

«Сувэрэнная і незалежная Беларусь апынулася ў эпіцэнтры сусьветных геапалітычных і эканамічных падзей. Мы жывём у адкрытай краіне і перш за ўсё таму сталі заложнікамі той эканамічнай сытуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнэраў», — адзначыў ён.

2. «Мы, людзі ў пагонах, ведаем: порах трэба трымаць сухім»

Кажучы пра зьнешнія пагрозы, Лукашэнка назваў сябе чалавекам «у пагонах»:

«Захаваць Беларусь астраўком стабільнасьці і спакою было няпроста. Але мы гэта зрабілі, забясьпечыўшы мір і бясьпеку грамадзян! Нашы суседзі, сябры, брацкія народы павінны ведаць, што зь беларускай зямлі ніколі ня будзе агрэсіі і пагроз. У той жа час мы, людзі ў пагонах, ведаем: порах трэба трымаць сухім. Абарона Айчыны — наш сьвяшчэнны абавязак!».

3. «Беларусь набывае ўсё больш сучаснае эўрапейскае аблічча»

Лукашэнка заявіў, што 2017 год «павінен стаць пераломным і даць магутны імпульс для разьвіцьця краіны». Паводле яго слоў, стаўка будзе зроблена на стварэньне новых вытворчасьцяў і працоўных месцаў, актывізацыю бізнэсу.

«Мы ствараем новыя вытворчасьці, будуем дарогі, электрастанцыі, важныя сацыяльныя абʼекты і жылыя дамы. Добраўпарадкоўваем гарады і вёскі. З кожным годам Беларусь набывае ўсё больш сучаснае эўрапейскае аблічча», — падкрэсьліў ён.

4. «Мы ўжо ў надыходзячым годзе істотна павысім даходы грамадзян»

Лукашэнка паабяцаў у 2017 годзе істотна павысіць даходы беларусаў, хоць сярэдні заробак у 500 даляраў згаданы ня быў:

«Узровень жыцьця народа павінен быць значна вышэйшым, чым сёньня. Дасягнуць гэтага няпроста. Аднак чаго б нам ні каштавала, мы ўжо ў надыходзячым годзе істотна павысім даходы грамадзян».

5. «Старэйшае пакаленьне шмат зрабіла для нашай краіны, але цяпер трэба рухацца далей»

Лукашэнка зрабіў акцэнт у сваёй прамове на асаблівым значэньні для Беларусі маладога пакаленьня:

«Старэйшае пакаленьне шмат зрабіла для нашай краіны. І мы ўдзячны ім за гэта. Але цяпер трэба рухацца далей, укараняць у жыцьцё ўсё больш прагрэсіўнае і карыснае. А для гэтага трэба вучыцца, удасканальвацца, ісьці ў нагу з часам. Сваё слова павінна сказаць наша моладзь, патрыятычная, неабыякавая да лёсу сваёй Радзімы. Сярод вас шмат здольных людзей».